БЕЛ Ł РУС

Каталікі просяць памаліцца аб выздараўленні Тадэвуша Кандрусевіча

13.08.2026 / 09:20

Nashaniva.com

Дырэктар партала Беларускага касцёла Catholic.by просіць памаліцца аб выздараўленні арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча

Фота, Catholic.by

«Стан здароўя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча стабілізаваны, але яму патрэбна наша духоўная падтрымка», — канстатуе дырэктар партала Catholic.by ксёндз Павел Эйсмант, просячы аб малітве за яго выздараўленне падчас праходжання ім рэабілітацыі пасля аперацыі.

Годны іерарх, які, нягледзячы на свае 80 гадоў і сур'ёзную хваробу, застаецца вельмі актыўным у сферы душпастырства, наведваючы ўрачыстасці ў розных парафіях Беларусі. 22 ліпеня быў тэрмінова шпіталізаваны ў адзін са шпіталяў Мінска па прычыне дрэнных вынікаў даследавання сэрца. Аднак, амаль два тыдні знаходжання там істотнага паляпшэння яго здароўя не прынеслі. Таму ён быў дастаўлены ў РНПЦ Кардыялогіі, дзе яму была праведзена аперацыя па стэнціраванню сценак крывяносных сасудаў.

З 10 жніўня іерарх праходзіць рэабілітацыю ў рэспубліканскім цэнтры ў Аксакаўшчыне.

Арцыбіскуп прызнаецца, што божы провід, дзякуючы вельмі своечасова зробленаму лекарамі даследаванню сэрца, захаваў яго ад паўторнага інфаркту міякарда.

І хоць сітуацыя, звязаная са здароўем сэрца, была стабілізавана, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу патрэбна малітва як мага большай колькасці вернікаў аб яго фізічным выздараўленні.

Ксёндз Павел Эйсмант, які таксама з'яўляецца сакратаром арцыпастыра, просіць усіх неабыякавых людзей «узнесці малітву аб яго выздараўленні, каб ён мог надалей актыўна служыць Богу і людзям, чаго ён заўсёды вельмі прагне».

Чытайце таксама:

Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі з бальніцы

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ужо больш за 10 дзён у бальніцы

Выйшла па-беларуску кніга пра Тадэвуша Кандрусевіча. У загаловак вынесены словы яго маці

Каментары да артыкула