БЕЛ Ł РУС

У Беластоку правядуць святочны канцэрт дзеля падтрымкі прасторы «Новая Зямля»

17.08.2026 / 16:39

Nashaniva.com

У Беластоку 23 жніўня адбудзецца ўрачысты канцэрт да Дня Незалежнасці Беларусі, які мае таксама дабрачынную мэту — падтрымаць беларускую грамадскую і культурную прастору «Новая Зямля».

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць «Нацыянальна-вызвольны рух Вольная Беларусь» і прастора «Новая Зямля». Яны запрашаюць беларусаў Беластока і гасцей горада разам адзначыць 25 жніўня — дату, калі ў 1991 годзе Актам Вярхоўнага Савета незалежнасць Беларусі набыла канстытуцыйную сілу.

Арганізатары падкрэсліваюць, што гэта не проста канцэрт, а магчымасць сабрацца беларускай супольнасцю і адначасова дапамагчы захаваць «Новую Зямлю». У гэтай прасторы праводзяцца канцэрты, выставы, лекцыі, сустрэчы, адукацыйныя і дабрачынныя мерапрыемствы. Яна служыць месцам, дзе беларусы могуць карыстацца роднай мовай, захоўваць культуру, сустракацца і падтрымліваць адзін аднаго.

Галоўная праблема, для вырашэння якой арганізаваны збор сродкаў, — аплата арэнды памяшкання і забеспячэнне далейшай дзейнасці прасторы. Паводле арганізатараў, папярэднія зборы дзякуючы салідарнасці беларусаў дазволілі «Новай Зямлі» працягнуць працу, але патрэба ў пастаяннай падтрымцы захоўваецца.

На правядзенне мерапрыемства плануецца сабраць 9000 злотых (каля 2420 даляраў). З іх 4000 злотых хочуць накіраваць на арэнду «Новай Зямлі», 3000 — на ганарары музыкам, акцёрам і іншым удзельнікам, 500 — на праезд гасцей і транспартныя выдаткі, 1000 — на рэкламу і інфармацыйную падтрымку, яшчэ 500 злотых — на каву, гарбату і пачастункі для гасцей.

Падтрымаць збор можна па спасылцы.

У праграме запланаваная сустрэча з дэпутатамі, якія ўдзельнічалі ў падзеях, звязаных з аднаўленнем незалежнасці Беларусі. Асабіста ў мерапрыемстве возьме ўдзел Зянон Пазняк, а анлайн далучыцца Юры Беленькі.

Музычную частку праграмы прадставяць Сяржук Доўгушаў, Таццяна і Юстына Карпіловіч, Зміцер і Геральд Бартосікі, Інтэграцыйны хор «Каліна» з Беластока і Ігар Палынскі.

Таксама адбудзецца інсцэнізацыя фрагмента стэнаграмы Сесіі Незалежнасці.

Арганізатары заклікаюць беларусаў далучыцца да святкавання і падтрымаць збор. Паводле іх, нават невялікае ахвяраванне можа дапамагчы не толькі правесці канцэрт да Дня Незалежнасці, але і захаваць «Новую Зямлю» як месца сустрэч і культурнага жыцця беларускай супольнасці ў Беластоку.

Мерапрыемства адбудзецца 23 жніўня ў Беластоку па адрасе: вуліца Святога Роха, 5. Пачатак — у 14:00.

Чытайце таксама:

«Карова белая». Света Бень выпусціла новы альбом

У Мінску пройдзе бясплатны музычны пікнік з беларускімі артыстамі

Топ-10 самых папулярных песень у Беларусі за апошнія гады: у рэйтынгу толькі расійскія выканаўцы — Z-нікі і «маўчуны»

Каментары да артыкула