БЕЛ Ł РУС

Беларус спрабаваў таемна ўвезці з Літвы дарагі гадзіннік, але зрабіў адну памылку

18.08.2026 / 18:07

Nashaniva.com

Жыхар Мінскага раёна спрабаваў таемна правезці з Літвы ў Беларусь дарагі гадзіннік Tissot, але яго выдала пустая скрынка, піша БелТА.

Фота: Дзяржаўны мытны камітэт

У ліпені 2026 года мужчына на аўтамабілі заязджаў у Беларусь з Літвы. Падчас мытнага кантролю супрацоўнікі звярнулі ўвагу на новую пустую скрынку ад гадзінніка Tissot і зарадную прыладу да яго. На вуснае пытанне мытнікаў мужчына заявіў, што не перавозіць тавараў, якія забароненыя, абмежаваныя або падлягаюць дэклараванню.

Аднак падчас асабістага надгляду мытнікі знайшлі ў яго ніжняй бялізне новы наручны гадзіннік Tissot T-Touch Connect.

Кошт гадзінніка склаў 1095 еўра. Паводле мытных правіл, пры ўвозе наземным транспартам або пешшу ў Беларусь без дэкларацыі можна ўвозіць для асабістага карыстання тавары коштам не больш за 500 еўра і вагой да 25 кг. Паколькі кошт гадзінніка перавышаў устаноўлены ліміт, яго неабходна было задэклараваць.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у перамяшчэнні праз мытную мяжу ЕАЭС тавараў, якія падлягаюць дэклараванню, утойваючы іх ад мытнага кантролю. Яму прызначылі штраф у памеры 20 базавых велічынь, а гадзіннік канфіскавалі на карысць дзяржавы.

Пастанова суда пакуль не набыла законнай сілы і можа быць абскарджаная.

Чытайце таксама:

Ад рэдкіх абразоў да кітайскіх ваз: што можна ўбачыць у адзіным у Беларусі музеі кантрабанды

Кіроўца беларускага аўтобуса дапамагаў пасажыру перавезці праз мяжу шмат грошай

Расійская мытня не паверыла беларусу, які прывёз з Дубая 43 смартфоны і сказаў, што гэта для асабістага карыстання

Беларускія мытнікі адмаўляюць, што затрымліваюць фуры з Калінінградскай вобласці

Каментары да артыкула