У Інданезіі некалькі чалавек публічна адлупцавалі за сэкс па-за шлюбам
У інданезійскай правінцыі Ачэх па рашэнні суда, які дзейнічае паводле нормаў шарыяту, публічна адлупцавалі 11 чалавек. Чатырох з іх — дзвюх жанчын і двух мужчын — прызналі вінаватымі ў сэксуальных адносінах па-за шлюбам. Кожны атрымаў па 100 удараў палкай.
Яшчэ чатырох чалавек пакаралі 22‑ма ўдарамі за парушэнні, звязаныя з так званай фізічнай блізкасцю. Да яе могуць адносіць, напрыклад, пацалункі або абдымкі. Двое атрымалі па сем удараў за празмерную блізкасць — у прыватнасці, гаворка магла ісці нават пра тое, што яны трымаліся за рукі. Яшчэ аднаго мужчыну пакаралі 20 ударамі за ўжыванне алкаголю.
У Ачэху дзейнічае асаблівае крымінальнае заканадаўства на аснове шарыяту. Публічнае лупцаванне там можа прымяняцца за азартныя гульні, ужыванне алкаголю, інтымную блізкасць паміж людзьмі, якія не знаходзяцца ў шлюбе, а таксама за аднаполыя адносіны. Пакаранні нярэдка адбываюцца на вачах у публікі.
Асаблівы рэжым шарыяцкага права дзейнічае ў Ачэху з 2002 года. Гэта адзіная правінцыя Інданезіі, дзе афіцыйна прымяняецца ісламскае заканадаўства.
Жорсткія шарыяцкія пакаранні неаднаразова крытыкаваліся Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. У ААН лічаць, што публічнае лупцаванне з’яўляецца зневажальным для чалавечай годнасці пакараннем.
Чытайце таксама:
У Сінгапуры школьнікаў за булінг будуць лупцаваць розгамі
Сінгапур уводзіць абавязковае лупцаванне розгамі як пакаранне для анлайн-махляроў
На Балі забаранілі пазашлюбны сэкс. За парушэнне — турэмныя тэрміны