БЕЛ Ł РУС

Чэшскі суд адмяніў адмову ў міжнароднай абароне 23‑гадоваму беларусу Якаву Кудзялевічу, які правёў 73 дні ў коме

23.08.2026 / 13:35

Nashaniva.com

21 жніўня суд разгледзеў апеляцыю на адмову ў міжнароднай абароне 23‑гадоваму беларусу Якаву Кудзялевічу і вынес рашэнне на карысць маладога чалавека.

Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў ягоны бацька Дзмітрый Кудзялевіч.

— Рашэнне на нашу карысць! Наглядны прыклад, як незалежна адна ад адной працуюць дзве галіны ўлады — судовая і выканаўчая, — напісаў Кудзялевіч.

Якаў Кудзялевіч пакінуў Беларусь пасля пратэстаў 2020 года, калі яму было 17 гадоў. Ён некалькі гадоў вучыўся ў Чэхіі, аднак пазней сутыкнуўся з праблемамі легалізацыі і падаў заяву на міжнародную абарону. Ягоны бацька Дзмітрый жыве ў Польшчы.

Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі першапачаткова адмовіла маладому чалавеку ў абароне, пасля чаго рашэнне было абскарджана ў судзе.

На пачатку красавіка сын перастаў кантактаваць з бацькам. У выніку Якава знайшлі без прытомнасці на падлозе ў ягоным пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Паводле дактароў Якаў прыняў шэраг медычных прэпаратаў і знаходзіўся без прытомнасці адзін каля сутак. Хлопца тэрмінова перавезлі ў шпіталь. У коме ён правёў 73 дні, а ў канцы чэрвеня выйшаў з яе.

Дзмітрый Кудзялевіч расказваў, што яму 24 чэрвеня нечакана патэлефанавала жонка і сказала: «Дзмітрый, з табой хоча пагаварыць сын. Для мяне гэта было як гром сярод яснага неба. 73 дні сын знаходзіўся ў глыбокай коме. І калі я ўзяў слухаўку, ён кажа: «Добры дзень, тата». Гэта цяжка перадаць, наколькі гэта было моцна і пранікліва».

Чытайце таксама:

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

У Чэхіі 23‑гадовы беларус Якаў Кудзялевіч выйшаў з комы, якая працягвалася 73 дні

Каментары да артыкула