БЕЛ Ł РУС

Пуцін дазволіў перадаваць дзяржаве аб'екты, неабароненыя ад дронаў

24.08.2026 / 17:06

Nashaniva.com

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць часовае дзяржаўнае кіраванне на аб'ектах крытычнай інфраструктуры Расіі, уладальнікі якіх не прынялі дастатковых мер для іх абароны, у тым ліку ад атак беспілотнікаў.

Фота ілюстрацыйнае

Гаворка ідзе пра прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу, прамысловасці, сувязі, ЖКГ, транспартнай і лагістычнай сфераў, а таксама пра іншыя аб'екты, важныя для бяспекі краіны, эканамічнай стабільнасці і жыццядзейнасці насельніцтва.

Згодна з указам, у часовае кіраванне дзяржаве могуць перадавацца нерухомасць, каштоўныя паперы, долі ў статутным капітале і маёмасныя правы арганізацый і фізічных асоб, якія валодаюць такімі аб'ектамі. Кіраваць імі будзе Расмаёмасць альбо іншая прызначаная расійскімі ўладамі структура.

Такі механізм плануюць выкарыстоўваць у сувязі з ростам пагрозы для расійскай крытычнай інфраструктуры падчас вайны. Раней расійскі бізнэс звяртаўся да ўладаў з просьбай вызначыць зразумелыя схемы фінансавання абароны прадпрыемстваў ад беспілотнікаў.

У апошнія месяцы ў Расіі пачасціліся атакі ўкраінскіх дронаў на прамысловыя і лагістычныя аб'екты, у тым ліку склады буйных маркетплэйсаў і нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Расійскія ўлады ўжо дазволілі некаторым кампаніям набываць сродкі для абароны ад БПЛА, уключаючы радыёлакацыйнае абсталяванне, сродкі радыёэлектроннай барацьбы і зенітныя сістэмы.

Чытайце таксама:

Пяскоў: Украіна і далей будзе адчуваць адказы Расіі на ўдары па складах Ozon і іншай інфраструктуры

Пуцін: Украіна сама выпусціла джына з бутэлькі. Атрымайце адказ

«Украіна іншая і свайго не аддасць». Зяленскі павіншаваў краіну з Днём незалежнасці

Каментары да артыкула