Ціханоўскі: Ютуб выплаціў мне амаль $40 тысяч рэкламнага даходу, налічанага яшчэ за 2020 год
На святкаванне дня нараджэння ў Лос-Анджэлесе ён патраціў $130 — на газіроўку і некалькі бутэлек алкаголю.
Сяргей Ціханоўскі на тым самым святкаванні ў Лос-Анджэлесе. Фота: інстаграм Lucia_vargus
Былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі адрэагаваў на публікацыю «Нашай Нівы» пра адзначанне ім у Лос-Анджэлесе дня нараджэння. Яго абурыла тое, што ў загалоўку прысутнічала словазлучэнне «з размахам».
Як сцвярджае Ціханоўскі, асабіста ён патраціў на гэты вечар усяго $130 — на газіроўку і некалькі пляшак алкаголю. Памяшканне яму дапамаглі арганізаваць сябры, якія таксама прынеслі некалькі тартоў і яблыкі. Святкаванне праходзіла ў звычайны будны дзень, а сабралася на яго каля 50 чалавек. Таму ніякага размаху, маўляў, не было.
Аднак гэтая сітуацыя стала для Ціханоўскага нагодай, каб паразважаць увогуле пра грошы і фінансаванне.
«Я не атрымліваю грантаў на свой канал і ніколі іх не атрымліваў. Пры гэтым праца некаторых людзей на маім канале аплачвалася за кошт грантавага фінансавання, агульны аб'ём якога складаў €10 000 на месяц, гэта значыць €120 000 на год. Сёння некаторыя з іх кажуць, што гэта быў выключна «заробак», замоўчваючы крыніцу гэтага фінансавання і адначасова расказваючы аўдыторыі пра тое, якія гранты нібыта атрымаў я», — піша Ціханоўскі.
«І калі ўжо ўзнікла пытанне, адкуль у мяне грошы на жыццё ў ЗША і на той самы неверагодны «размах» за $130, адкажу адкрыта.
Нядаўна YouTube выплаціў мне трохі менш за $40 000 рэкламнага даходу, налічанага яшчэ за 2020 год. Акрамя таго, пасля майго вызвалення мне дапамагалі прадстаўнікі беларускай дыяспары і бізнэсу — людзі, якія цэняць тое, што я зрабіў. Я ім за гэтую дапамогу шчыра ўдзячны», — працягвае ён сваю фінансавую справаздачу.
А пасля таго рэзка крытыкуе СМІ і блогераў, якія «атрымліваюць фінансаванне ад еўрапейскіх і іншых заходніх арганізацый», але, на яго думку, не рупяцца пра «захаванне хаця б базавых журналісцкіх стандартаў». Таму ў Сяргея Ціханоўскага саспела ідэя сабраць пабольш такіх фактаў і паслаць іх «заходнім партнёрам», каб тыя «ўлічвалі якасць і адказнасць атрымальнікаў пры прыняцці рашэнняў пра далейшае фінансаванне».
Аднаму такую задачу пацягнуць цяжка, таму Ціханоўскі просіць падтрымкі сваёй ініцыятывы ў грамадскасці, заклікаючы яе збіраць і высылаць яму «факты, спасылкі і доказы». Калі ж іх назбіраецца ўдосталь, то тады ў планах «сістэматызаваць і перадаць тым арганізацыям, якія прымаюць рашэнні пра фінансаванне», а «калі будзе патрэба — можна будзе абмеркаваць і калектыўны зварот ці петыцыю».
Чытайце таксама:
Ціханоўскі з размахам сустрэў дзень народзінаў у Лос-Анджэлесе
Чаму на канферэнцыі «Новая Беларусь» не было Сяргея Ціханоўскага?
Казка ад Сяргея Ціханоўскага з'явілася на ютуб-канале Акадэміі кіравання
Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі