БЕЛ Ł РУС

Былы беларускі палітвязень стаў суаўтарам вялікага даследавання ў Стэнфардзе

26.08.2026 / 17:54

Вінцэсь Клепачэня

З 2022 года палітыка Захаду грунтавалася на меркаванні, што Крэмль, сутыкнуўшыся з каласальнымі людскімі і матэрыяльнымі стратамі, урэшце перагледзіць сваю геапалітычную стратэгію і спыніць вайну. Такім чынам на Захадзе спадзяваліся і не дапусціць спаўзання свету ў новую сусветную вайну, і захаваць незалежнасць Украіны. Аднак Крэмль вайны не спыніў. Новае даследаванне Стэнфардскага ўніверсітэта спрабуе адказаць на пытанне чаму. А таксама — як Захад можа дзейнічаць далей. Вялікая частка яго прысвечаная і Беларусі. Кіраваў даследчай групай беларус — былы палітвязень Глеб Фіцнер, асуджаны па «справе студэнтаў». Пераказваем асноўнае.

Даследаванне «Уласная рацыянальнасць Крамля: як зразумець расійскі рэсентымент і супрацьдзейнічаць яму» (The Kremlin’s Own Rationality: Understanding and Countering Russian Ressentiment) падрыхтавала каманда Стэнфардскага форуму ЗША — Расія (SURF) сумесна з Акадэмічным цэнтрам імя Барыса Нямцова пры Карлавым універсітэце ў Празе.

Кіраваў групай 27‑гадовы Глеб Фіцнер, які цяпер вучыцца ў Карлавым універсітэце.

Аўтары асобна падкрэсліваюць, што высновы і рэкамендацыі — іх уласная пазіцыя, а не афіцыйная пазіцыя Стэнфарда.

Чаму страты не спыняюць Крэмль

Галоўная думка працы палягае ў тым, што паводзіны Крамля не варта тлумачыць проста вар'яцтвам ці памылковымі разлікамі. За дзеяннямі Масквы стаіць унутраная логіка, але яна адрозніваецца ад звыклай заходняй мадэлі «выдаткі — выгоды».

Аўтары апісваюць логіку Масквы праз паняцце рэсентыменту. Яго пры канцы XIX стагоддзя ўвёў у філасофскі ўжытак Фрыдрых Ніцшэ, а пазней развіў філосаф і сацыёлаг Макс Шэлер.

У Ніцшэ рэсентымент нараджаецца з адчування ўласнай слабасці і няздольнасці змяніць становішча: крыўда і зайздрасць да мацнейшага паступова ператвараюцца ў асобную сістэму каштоўнасцяў, у якой уласная слабасць абвяшчаецца маральнай перавагай, а якасці суперніка — заганамі. Шэлер пашырыў гэтую ідэю на цэлыя сацыяльныя групы і народы: паводле яго, рэсентымент можа ўзнікаць там, дзе існуе балючы разрыў паміж уяўленнем пра ўласны статус і рэальным становішчам.

У інтэрпрэтацыі аўтараў даследавання расійскі рэсентымент — гэта сумесь комплексу непаўнавартасці, крыўды, зайздрасці, сораму і нянавісці да Захаду, які адначасова ўспрымаецца і як супернік, і як узор, якога хочацца дагнаць ці перасягнуць. Таму Расія можа адначасова адмаўляць заходнія каштоўнасці і імкнуцца да прызнання з боку Захаду як роўнай або нават вышэйшай сілы.

Адсюль парадокс: санкцыі, вялікія страты на фронце ці эканамічныя праблемы могуць не прымушаць Крэмль адступіць, а, наадварот, падавацца яму доказам асаблівай сілы Расіі. Чым большыя ахвяры, тым прасцей растлумачыць грамадству, што яно вядзе «гістарычную барацьбу» супраць усяго Захаду. Паводле аўтараў даследавання, менавіта таму саступкі таксама небяспечныя: Масква можа ўспрыняць іх не як крок да кампрамісу, а як доказ слабасці праціўніка.

У працы прыводзяцца лічбы маштабу гэтай цаны: амаль 1,4 мільёна сукупных расійскіх страт забітымі, параненымі і зніклымі без вестак, велізарныя вайсковыя выдаткі, бюджэтны дэфіцыт і дзясяткі мільярдаў даляраў, якія Масква плаціць за абыход санкцый.

Але такая цана вайны не можа заставацца для Масквы без наступстваў. Аўтары бачаць чатыры галоўныя ўразлівасці: залежнасць ад Кітая, якую Крэмль не можа прызнаць; немагчымасць скончыць вайну без капітуляцыі Украіны і адначасова ўсё большую цяжкасць працягваць яе; канкурэнцыю з радыкальнымі расійскімі нацыяналістамі, якія патрабуюць яшчэ большай эскалацыі; і асабістую зацікаўленасць Пуціна ва ўласным фізічным выжыванні.

Не адрываць Расію ад Кітая, а падкрэсліваць яе залежнасць

З гэтага вынікае адна з самых незвычайных рэкамендацый даследавання. Вашынгтону прапануецца адмовіцца ад разліку на «зваротнага Кісінджэра» — спробы перавабіць Маскву на бок ЗША супраць Пекіна.

Замест гэтага аўтары прапануюць сістэматычна называць Расію залежным, малодшым партнёрам Кітая. Не прапагандысцкімі лозунгамі, а праз даклады спецслужбаў, парламенцкія слуханні, заявы чыноўнікаў, даследаванні і медыя — кожны раз абапіраючыся на правяральныя факты. Сэнс — ударыць у самае балючае месца імперскай ідэалогіі: дзяржава, якая пачала вайну за прызнанне сваёй «вялікасці», сама ўсё больш залежыць ад Пекіна.

Больш за тое, калі Масква будзе пагражаць Захаду сваімі «чырвонымі лініямі», аўтары прапануюць публічна адказваць, што гэта пытанне будзе абмяркоўвацца з Пекінам — як з мацнейшым бокам у расійска-кітайскім тандэме.

Беларусь — не буфер, а расійскі плацдарм

Асобны і вельмі канкрэтны блок прысвечаны Беларусі. Яе статус аўтары апісваюць адназначна: дэ-юрэ Беларусь застаецца незалежнай дзяржавай, але дэ-факта яе залежнасць ад Масквы настолькі вялікая, што ў вайсковым плане яна больш падобная да «вайскова-лагістычнага васала».

На думку даследчыкаў, магчымасці Лукашэнкі балансаваць паміж Масквой і Захадам цяпер моцна абмежаваныя, прычым абмежаваў іх сам Мінск.

Вызваленне палітвязняў ці гучныя кантакты з амерыканцамі не мяняюць галоўнага: у выпадку расійскай атакі на ўсходні фланг НАТА тэрыторыя Беларусі, паводле аўтараў, амаль непазбежна стане плацдармам, нават калі Лукашэнка асабіста не будзе гэтага хацець. Асаблівае значэнне яна мае для патэнцыйнай аперацыі супраць краін Балтыі, у тым ліку адсячэння Сувалкскага калідора.

Таму Захаду прапануецца не разлічваць, што саступкамі Лукашэнку, нават вялікімі саступкамі, можна «вырваць Беларусь з расійскай сферы ўплыву».

Замест гэтага рэкамендуецца пастаянна адсочваць перамяшчэнне расійскіх войскаў і тэхнікі ў Беларусі са спадарожнікаў, з дапамогай OSINT і штучнага інтэлекту. Асобна аўтары папярэджваюць, што для схаванага перакідання вайскоўцаў у цывільным могуць выкарыстоўвацца беларуская чыгунка і іншы цывільны транспарт.

Другая прапанова — значна пашырыць санкцыі супраць беларускага ВПК і кампаній, якія дапамагаюць расійскай ваеннай машыне, у тым ліку выкарыстоўваючы матэрыялы BelPol і іншых беларускіх структур. Трэцяя — мацней супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, незалежнымі медыя і аналітычнымі цэнтрамі, каб мець непасрэдны канал камунікацыі з беларускім грамадствам і элітамі, у абыход дзяржаўнай прапаганды.

Глеб Фіцнер. Фота з сацыяльных сетак

Беларусь дапамагае Расіі абыходзіць санкцыі

У даследаванні сцвярджаецца, што Беларусь ужо стала спецыяльным вузлом паралельнага імпарту для расійскага ВПК.

Са спасылкай на расследаванне BelPol аўтары апісваюць схему, пры якой японскія і тайваньскія кампаненты для цеплавізараў праз пасярэднікаў і фінансавыя каналы трапляюць у Беларусь, выкарыстоўваюцца «Пеленгам» для вытворчасці танкавых прыцэлаў, а пасля адпраўляюцца на расійскі «Уралвагонзавод» для танкаў Т-72 і Т-90.

Паводле даследавання, заходнімі санкцыямі пакуль ахопленыя толькі буйныя прадпрыемствы кшталту «Пеленга», БелОМА і МЗКТ. Большая частка з прыкладна 120 выяўленых лагістычных аператараў, цывільных субпадрадчыкаў і нават пенітэнцыярных устаноў усё яшчэ застаецца па-за абмежаваннямі. Аўтары асобна адзначаюць, што ў выкананні расійскіх абаронных заказаў выкарыстоўваецца і праца палітвязняў.

У выніку адна з прапанаваных мер поспеху для Захаду сфармуляваная вельмі канкрэтна: узгадніць паміж ЗША, ЕС, Вялікабрытаніяй і Канадай санкцыі супраць усяго беларускага вайскова-прамысловага комплексу і цывільных кампаній, якія таемна працуюць на расійскую абаронку.

Што ў выніку прапануецца Захаду

Фактычна аўтары заклікаюць перайсці ад спробы «мякка пераканаць» Крэмль да стратэгіі стрымлівання і пазбаўлення яго рэсурсаў.

Гэта азначае працяг падтрымкі Украіны, пашырэнне вытворчасці танных дронаў у Еўропе, удары санкцыямі па ценявым флоце і ланцужках паставак заходніх кампанентаў, перакрыццё вайсковых і фінансавых каналаў Расіі ў Афрыцы, а таксама найхутчэйшае ўзмацненне ўсходняга флангу НАТА.

У найбліжэйшыя 6‑24 месяцы аўтары лічаць асабліва небяспечнай магчымасць абмежаванай расійскай эскалацыі супраць краін Балтыі. І тут Беларусь ізноў у цэнтры сцэнару — як тэрыторыя, без якой ізаляваць Балтыю ад астатняй Еўропы для Расіі было б нашмат цяжэй.

Аўтары адзначаюць: нават калі ўсе ваенныя цэлі Расіі ва Украіне будуць выкананыя цалкам, гэта не стане канцом расійскага экспансіянізму, а толькі падбадзёрыць яго далей — бо ў рэсентыменту, падкрэсліваюць даследчыкі, няма пункту насычэння.

Чытайце таксама:

Колькі Крэмль плаціць прапагандыстам і ваенкарам, якія агітуюць людзей за вайну да перамогі

Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам

Кіраўнік ЦРУ: Сярэдняя працягласць жыцця расійскага навабранца пасля прыбыцця на поле бою — 20‑30 хвілін

«Здзелка згарэла». Аўтар кнігі «Аўтарытарызм пад пагрозай» пералічыў падставы для аптымізму наконт будучыні Беларусі

Каментары да артыкула