Павялічыўся кошт праезду па платных дарогах
З 1 верасня 2026 года ў Беларусі павялічыцца кошт праезду па платных аўтамабільных дарогах. Змены прадугледжаныя пастановай Міністэрства транспарту.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Анлайнер»
Для грузавых і іншых транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны новыя тарыфы будуць такімі:
- з дзвюма восямі — 12,1 еўрацэнта за кіламетр замест 11,7;
- з трыма восямі — 15,2 еўрацэнта за кіламетр замест 14,6;
- з чатырма і больш восямі — 18,2 еўрацэнта за кіламетр замест 17,6.
Павялічыцца і плата за карыстанне платнымі дарогамі на пэўны тэрмін:
- на 15 дзён — 21 еўра (+1 еўра);
- на 30 дзён — 33 еўра (+1 еўра);
- на год — 114 еўра (+4 еўра).
Акрамя таго, зменіцца кошт праезду паводле разавага тарыфу.
Сістэма электроннага збору платы за праезд па асобных беларускіх аўтамагістралях дзейнічае з 2013 года. Яна ахоплівае трасы М1/Е30 Брэст — мяжа з Расіяй, М2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт, М3 Мінск — Віцебск, М4 Мінск — Магілёў, М5/Е271 Мінск — Гомель, М6/Е28 Мінск — Гродна — мяжа з Польшчай, М7/Е28 Мінск — Ашмяны — мяжа з Літвой і шэраг іншых дарог.
Пры гэтым легкавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў краінах ЕАЭС, ад платы за праезд па платных дарогах вызваленыя.
Апошні раз тарыфы падвышалі ў снежні 2025 года.
Чытайце таксама:
«Белавія» павышае тарыфы на правоз багажу
«Белтэлекам» павышае некаторыя тарыфы
З 10 сакавіка Malanka павышае тарыфы на зарадку электрамабіляў