БЕЛ Ł РУС

На беларускім Палессі фармуецца папуляцыя рэдкіх матылькоў-паруснікаў

26.08.2026 / 21:23

Nashaniva.com

Беларускія навукоўцы заўважылі прыкметы фармавання на поўдні краіны стабільнай папуляцыі рэдкага цеплалюбівага матылька — падалірыя. Даследчыкі звязваюць яго распаўсюджванне ў Беларусі з сучасным пацяпленнем клімату.

Фота: НПЦ біярэсурсаў НАН Беларусі

Сёлета заалагічная калекцыя і генетычны банк дзікай фаўны Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі папоўніліся некалькімі экзэмплярамі падалірыяў.

Асаблівасць гэтых знаходак у тым, што матылькі прайшлі ў Беларусі поўны цыкл развіцця. Раней падалірыі тут сустракаліся вельмі рэдка. На працягу XIX і XX стагоддзяў на тэрыторыі краіны зафіксавалі не больш за дзесяць асобін летняга пакалення.

Аднак толькі сёлета ў Гомельскай вобласці навукоўцы выявілі больш падалірыяў, чым было адзначана за ўсе папярэднія два стагоддзі. Акрамя дарослых матылькоў, даследчыкі знайшлі асобін вясновага пакалення, кладкі яек і сляды жыццядзейнасці вусеняў.

Усё гэта сведчыць пра тое, што на поўдні Беларусі, у тым ліку на Палессі, падалірыі ўжо могуць не проста часова з'яўляцца, а размнажацца і фармаваць устойлівую папуляцыю.

Падалірыі належаць да сямейства паруснікаў. Гэта буйныя прыгожыя матылькі з размахам крылаў да 72 міліметраў. Іх крылы маюць светла-жоўты асноўны колер, чорны ўзор у выглядзе клінаватых палос і блакітную аблямоўку.

Сваю назву від атрымаў у гонар Падалірыя — героя старажытнагрэцкай міфалогіі, знакамітага доктара, сына Асклепія і Эпіёны.

Чытайце таксама:

На Крыце знайшлі новага матылька і назвалі яго ў гонар Папы Льва XIV

Памяшканне, дзе жывуць тысячы матылькоў, выставілі на продаж у Мінску

Амерыканскі матылёк паядае Гомельшчыну. Дрэвы — як з фільмаў жахаў

Азіяцкі матылёк паеў самшыт на Берасцейшчыне

Каментары да артыкула