БЕЛ Ł РУС

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закуток прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс

28.08.2026 / 23:20

Nashaniva.com

Гэтыя старыя хаты побач з гіпермаркетам «Карона» даўно чакалі свайго часу. А цяпер, здаецца, працэс пайшоў. Тэлеграм-канал «Мінск і мінчанін» заўважыў, што асколак прыватнага сектара ў раёне вуліц Кальварыйскай і Танка перайшоў у стадыю рассялення. Журналісты Realt.by пабывалі на месцы і пацвярджаюць: знос сапраўды пачаўся.

Сёння вясковыя хаты на фоне велізарнага гіпермаркета і шматпавярховікаў выглядаюць даволі кантрасна. Раней жа ўсю гэтую тэрыторыю, ад якой засталіся толькі дзве невялікія вулкі, займаў прыватны сектар.

Большасць дамоў у Слаўным завулку і на вуліцы Максіма Танка ўжо развіталіся са сваімі ўладальнікамі. Будынкі стаяць з забітымі вокнамі або ўвогуле без іх. Усё каштоўнае, у тым ліку і будаўнічыя матэрыялы з разборкі сядзіб, гаспадары імкнуцца вывезці да пачатку маштабных работ.

Нейкае падабенства жыцця цепліцца толькі ў некаторых хатах. Ды і там — не жывуць, а збіраюць апошнія рэчы. З кароткай размовы з мясцовымі жыхарамі журналісты даведаліся, што кампенсацыю за свае дамы яны ўжо атрымалі і цяпер перавозяць маёмасць.

Што ж пабудуюць на месцы прыватнага сектара? Сам па сабе гэты ўчастак не вельмі вялікі, але лакацыя ў яго — шыкоўная. Побач — метро, крамы, станцыя электрычкі, а да Нямігі можна дайсці пешшу. Нядзіўна, што на гэты куток у горадабудаўнікоў даўно былі планы.

Праўда, калі гадоў 10 таму гаворка ішла пра будаўніцтва офісаў, то цяпер з’явілася інфармацыя (мясцовыя жыхары яе таксама пацвердзілі), што на месцы старых хат пабудуюць жыллё.

Як пісаў тэлеграм-канал «Литовская о жилье», у раёне Кальварыйскай — Ціміразева можа з’явіцца комплекс шматпавярховікаў з «фантастычнымі вежамі». Пры гэтым у афіцыйных крыніцах ніякіх паведамленняў пра новае будаўніцтва не было. На кадастравай карце статус зямельных участкаў таксама пакуль не змяніўся.

Чытайце таксама:

Абсерваторыя Мінскага планетарыя амаль гатовая да ўводу пасля рэканструкцыі

Скончылі будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея

У Мінску цяпер будуюцца шэсць новых гандлёвых цэнтраў. Што за яны?

Вы не пазнаеце раёна плошчы Перамогі. Там з'явіцца пешаходная вуліца і незвычайны трамвай

Хуткаснае чыгуначнае злучэнне дазволіць даехаць з Мінска да аэрапорта за 30 хвілін

Каментары да артыкула