У чарговым шоу на ТНТ — беларускі дэсант: гімнастка Галкіна, баксёр Кудзін і не толькі
На расійскім тэлеканале паказалі першы выпуск новага сезона шоу «Тытаны». Сярод 111 спартоўцаў-удзельнікаў аказалася ажно шасцёра беларусаў — расіяне прыцягнулі сапраўдных зорак.
Кацярына Галкіна і Аляксей Кудзін. Фота на калажы: galkina_katia / Instagram, kudin_alexey_mma / Instagram
ТНТ здымае «Тытанаў» з 2024 года. Менавіта тады босы канала звярнуліся да ШІ і той распрацаваў складаныя фізічныя выпрабаванні для спартоўцаў і вядомых асобаў. Ідэя шоу не арыгінальная — падобны праект з'явіўся раней на Netflix.
Першы сезон паказалі летам 2024-га, а цяпер, 13 верасня, прайшла прэм’ера ўжо чацвёртага сезона. Гэтым разам арганізатары сабралі 111 спартоўцаў, у тым ліку і шэсць беларусаў.
Перш за ўсё, гэта Кацярына Галкіна — лідарка зборнай па мастацкай гімнастыцы ў другой палове 2010-х, цяпер яна жыве ў Маскве і зарабляе на жыццё трэнерствам. Таксама на ўдзел пагадзіліся Цімафей Калачоў, былы футбаліст і зорка нацыянальнай зборнай, разам з дачкой-лёгкаатлеткай Янай Калачовай.
Яшчэ ў шоу паклікалі Аляксея Кудзіна, шматразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу, а таксама былога палітвязня. І Дзяніса Ганчаронка, яшчэ аднаго шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе з Беларусі.
Шостым з беларусаў у «Тытанах» аказаўся Марк Рудакоўскі, хакеіст, які фактычна скончыў кар’еру ў 2025-м. Але ж больш вядомы ён не праз гульню, а праз сваю медыйнасць. Марк жанаты на расійскай блогерцы Карыне Крос, старэйшай за яго на 11 гадоў, мае амаль 73 тысячы падпісчыкаў у інстаграме, здымаецца ў кіно ў эпізадычных ролях і паўдзельнічаў у шоу «Ледніковы перыяд».
Цімафей Калачоў прызнаваўся журналістам, што пагадзіўся на ўдзел дзеля дачкі:
«Напэўна, галоўным для мяне быў не сам удзел, а магчымасць падтрымаць Яню і прайсці гэты вопыт разам з ёй. Я яшчэ да праекта пастаянна жартаваў, што вазьму ўдзел максімум у адной серыі, а Яня пойдзе далей.
Для мяне гэта быў цалкам новы досвед, але самае галоўнае — мы з Яняй змаглі прайсці яго разам. Думаю, менавіта гэта і застанецца для мяне самым каштоўным успамінам пра гэты праект».
У выпуску, што выйшаў 13 верасня, удзельнікаў падзялілі на тры групы. Ім трэба было як мага больш разоў узысці на платформу з нахілам у 30 градусаў. На лініі фінішу ўдзельнікі мусілі націснуць на спецыяльную кнопку і вярнуцца на лінію старту да гукавога сігналу, прычым інтэрвал паміж сігналамі паступова скарачаўся.
«Нам кожнаму далі форму, прысвоілі ўласны нумар, з якім ты існуеш увесь праект. Вядома, глядзіш мінулыя выпускі і мяркуеш, што цябе чакае ў наступным сезоне, але ніколі ў жыцці не здагадаешся. Мы загадзя нічога не ведаем, і калі выходзім у калізей (пляцоўку для спаборніцтваў — НН), бачым, што нас чакае, афігеваем і рыхтуемся да свайго дэбюту — ці, як яшчэ можна сказаць, да ганьбы», — так Кацярына Галкіна апісвала падрыхтоўку да шоу.
Па выніках першага выпуску шоу пакінулі 11 удзельнікаў. Беларусаў сярод іх няма, але ж няма іх і сярод найлепшых удзельнікаў, якія атрымаюць бонус у наступным выпуску.
Дзяніс Ганчаронак расказаў у сторыс, як ён адчуваў сябе пасля першага дня ў шоу:
«Пасля выпрабавання ногі былі проста забітыя ў нерэальны хлам, хадзіць немагчыма! У выніку я забег 30 пад’ёмаў і быў 92‑м са 111 чалавек. Ад вылету аддзяляла ўсяго 7 пазіцый, але пайшоў далей».
Чытайце таксама:
Чаму чаплі стаяць на адной назе?
Навукоўцы знайшлі шэсць загадкавых структур глыбока ў нетрах Зямлі
Беларуская топ-мадэль выйшла замуж за шамана — цяпер вучыць гіпнааргазмам