«Пагадзіўся дзеля дачкі». Экс-футбаліст зборнай Беларусі бярэ ўдзел у расійскім шоу «Тытаны»
Цімафей Калачоў распавёў пра пачатак сваёй тэлевізійнай кар'еры.

Разам з дачкой Янай ён узяў удзел у праекце «Тытаны» на расійскім тэлеканале ТНТ, паведамляе «Беларускі футбол».
— Я, калі шчыра, быў крыху ў здзіўленні і спачатку проста аджартаваўся: «Якія яшчэ «Тытаны»? І я там навошта?» Я даўно завяршыў прафесійную кар'еру і ўвогуле не разглядаў для сябе ўдзел у падобных праектах.
Паводле слоў Калачова, дачка Яна падключыла да ўгаворвання бацькі родных і сяброў.
У выніку ён пагадзіўся на ўдзел у праекце перш за ўсё дзеля дачкі: «Напэўна, галоўным для мяне быў не сам удзел, а магчымасць падтрымаць Яну і прайсці гэты вопыт разам з ёй. Я яшчэ да праекта пастаянна жартаваў, што прыму ўдзел максімум у адной серыі, а Яна пойдзе далей. Для мяне гэта быў цалкам новы досвед, але самае галоўнае — мы з Янай змаглі прайсці яго разам. Думаю, менавіта гэта і застанецца для мяне самым каштоўным успамінам пра гэты праект».
Таксама Калачоў адзначыў, што пасля завяршэння кар'еры не планаваў вяртацца да спартыўнай канкурэнцыі ў падобным фармаце: «Я ўжо даўно закончыў прафесійны спорт, мне 45 гадоў, а на праекце — маладыя, вельмі моцныя спартсмены, якія знаходзяцца ў выдатнай фізічнай форме. Таму я ўвогуле не разумеў, якое дачыненне маю да такога шоу».
Шоу «Тытаны» стартавала ўлетку 2024 года на расійскім тэлеканале ТНТ. Зараз ідзе пяты сезон.
Гэты праект — эксперымент, у якім штучны інтэлект распрацоўвае для ўдзельнікаў складаныя выпрабаванні, што правяраюць фізічную сілу, цягавітасць і спрыт. Пераможца атрымлівае званне «Тытана» і грашовы прыз 10 мільёнаў расійскіх рублёў (зараз каля 120 тысяч даляраў). Шоу з'яўляецца адаптацыяй паўднёвакарэйскага Physical: 100.
У «Тытанах» бралі ўдзел знакамітыя расійскія спартсмены, як хакеіст Ілля Кавальчук, футбаліст Фёдар Кудрашоў, баксёр Аляксандр Паветкін, гімнаст Аляксандр Немаў.
Цімафей Калачоў закончыў кар'еру футбаліста ў 2019 годзе. Гуляў за магілёўскі «Дняпро», салігорскі «Шахцёр», расійскія «Крылы Саветаў», «Хімкі», «Растоў». За зборную Беларусі згуляў 76 матчаў.
Каментары