БЕЛ Ł РУС

На вайне ва Украіне нечакана азалаціўся і Кыргызстан

22.09.2026 / 12:56

Антось Жупран

Яшчэ нядаўна сотні тысяч жыхароў Кыргызстана ехалі на заробкі за мяжу, перадусім у Расію. Цяпер ужо сам Кыргызстан прымае працоўных мігрантаў. Летась яго эканоміка вырасла на 11%, а краіну ахапіў будаўнічы бум. 

Бішкек. Фота: commons.wikimedia.org/Aitenir

Кыргызстан — горная краіна ў Цэнтральнай Азіі з насельніцтвам каля сямі мільёнаў чалавек. Былая савецкая рэспубліка не мае выхаду да мора і захоўвае шчыльныя эканамічныя сувязі з Расіяй. Сотні тысяч кыргызстанцаў працуюць там, а сама краіна залежыць ад расійскіх паставак паліва і шэрагу іншых тавараў.

За апошнія некалькі гадоў, аднак, Кыргызстан пачаў імкліва мяняцца. Асабліва прыкметныя перамены ў Бішкеку. Гарадскі краявід запоўнілі будаўнічыя краны, побач са звычайнымі дамамі растуць шматпавярховыя жылыя комплексы. Адначасова ўзводзяцца стадыёны, урадавыя будынкі і цэлы новы адміністрацыйны квартал. 

Маштабнае будаўніцтва ідзе і за межамі сталіцы. За год у Кыргызстане праклалі і абнавілі каля 1450 кіламетраў дарог, рэканструявалі 11 аэрапортаў, школы і дзіцячыя садкі. Яшчэ адзін буйны праект — чыгунка, якая павінна злучыць Кітай з Узбекістанам праз кыргізскую тэрыторыю.

Адкуль узяліся грошы, разбіралася The New York Times.

Новая «Бішкек Арэна» на 51 тысячу гледачоў. Стадыён пачалі будаваць у 2024 годзе, а асноўныя работы закончылі летам 2026-га. Фота: ru.kabar.kg

Змяніўся нават рынак працы. Дзесяцігоддзямі Кыргызстан быў краінай, адкуль людзі масава ехалі на заробкі, перадусім у Расію. Цяпер на мясцовых будоўлях можна сустрэць рабочых з Паўднёвай Азіі.

Гэтыя перамены сталі магчымымі дзякуючы вельмі імкліваму росту эканомікі, тэмпы якога ў 2022‑2024 гадах склалі 9% на год. А летась валавы ўнутраны прадукт павялічыўся адразу на 11%.

Адкуль узяліся грошы

Важную ролю ў эканамічным уздыме адыграла тое, што пасля 2022 года Кыргызстан стаў адным з ключавых гандлёвых хабаў для Расіі. Праз краіну пайшлі тавары з Кітая і заходніх краін, пастаўкі якіх у Расію ўскладніліся пасля ўвядзення санкцый і адыходу міжнародных кампаній. Гэтаму спрыяе і сяброўства абедзвюх краін у Еўразійскім эканамічным саюзе, дзякуючы якому тавары з Кыргызстана могуць паступаць у Расію без звычайных мытных пошлін.

У горадзе Талас на паўночным захадзе Кыргызстана завяршаецца будаўніцтва дзіцячага адукацыйна-забаўляльнага цэнтра «Баластан». Тут будуць працаваць IT-школа, першы ў краіне лічбавы цэнтр і музей Кыргызстана. Фота: ru.kabar.kg

У выніку ў Кыргызстан рэзка вырас імпарт аўтамабіляў, электронікі, бытавой тэхнікі і іншага абсталявання. Значная частка гэтага імпарту прызначаная не для мясцовага рынку, а для рээкспарту ў Расію.

Наколькі змяніліся гандлёвыя патокі, добра відаць на прыкладзе Еўрасаюза. У 2025 годзе ЕС экспартаваў у Кыргызстан тавараў прыкладна на $2,5 мільярда. Гэта ў восем разоў больш, чым у 2021-м, апошнім годзе перад поўнамаштабным расійскім уварваннем.

Паводле ацэнкі Азіяцкага банка развіцця, якую прыводзіць The New York Times, з рээкспартам звязаныя ад 30 да 40% эканамічнага росту Кыргызстана за апошнія чатыры гады.

Але новыя гандлёвыя патокі тлумачаць толькі частку цяперашняга ўздыму.

Як адзначаюць эксперты, Кыргызстан выйграў і ад падаражэння золата, якое застаецца яго галоўным экспартным таварам. Развіваюцца фінансавы і крыптавалютны сектары. Адначасова значна больш сродкаў у эканоміку пачала ўкладваць дзяржава.

Эканамічны бум умацаваў і ўладу

Эканамічны ўздым, як адзначае The New York Times, павысіў і папулярнасць прэзідэнта Садыра Жапарава. Пасля прыходу да ўлады ў 2020 годзе ён значна ўмацаваў свой кантроль над краінай. Улады разгарнулі рэпрэсіі супраць незалежных медыя і апазіцыйных палітыкаў, абмежавалі правядзенне дэманстрацый і ўзмацнілі ціск на грамадзянскую супольнасць.

Гэта фактычна паклала канец ранейшым спадзяванням на тое, што Кыргызстан зможа стаць «маяком дэмакратыі» ў пераважна аўтарытарнай Цэнтральнай Азіі.

Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў на парадзе ў Маскве 9 мая 2023 года. Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Адначасова за Жапаравым былі праведзены змены ў зборы падаткаў і мытных плацяжоў, якія дазволілі дзяржаве атрымаць больш даходаў ад эканамічнага ўздыму. З 2020 года падатковыя паступленні, паводле звестак, якія прыводзіць выданне, выраслі ў чатыры разы, а мытныя зборы — у шэсць. Дзяржаўныя капітальныя інвестыцыі з 2021 года павялічыліся ў 16 разоў.

Але багацейшымі сталі не ўсе

Эканамічны ўздым прынёс выгаду не ўсім аднолькава. Найбольш ад новай сітуацыі выйгралі гандаль, лагістыка, фінансы і будаўніцтва.

Эксперты звяртаюць увагу на тое, што значная частка новых даходаў канцэнтруецца ў параўнальна вузкага кола людзей, звязаных з гэтымі галінамі і дзяржавай. Паводле іх, у Кыргызстане сфармаваўся новы пласт заможных людзей.

Будаўніцтва чыгункі «Кітай-Кыргызстан-Узбекістан». Фота: ru.kabar.kg

Тым часам рост попыту падштурхоўвае цэны. Інфляцыя складае каля 11%, даражэюць прадукты і арэнда жылля. Таму для людзей з невысокімі даходамі эканамічныя поспехі краіны не абавязкова азначаюць паляпшэнне ўласнага матэрыяльнага становішча.

Невядома і тое, як доўга захаваюцца цяперашнія тэмпы. Заходнія краіны спрабуюць перакрыць шлях таварам, якія праз трэція краіны трапляюць у Расію, і ўжо ўводзілі санкцыі супраць шэрагу кіргізскіх кампаній. Масква, у сваю чаргу, імкнецца абмежаваць шэры імпарт аўтамабіляў, праз які расійскі бюджэт недаатрымлівае падаткі.

Некаторыя гандлёвыя патокі ўжо скарачаюцца. Згаданыя вышэй $2,5 мільярда экспарту Еўрасаюза ў Кыргызстан у 2025 годзе — далёка не рэкорд. Пік прыпаў на 2023 год, калі гэты паказчык дасягнуў $3,1 мільярда.

Пры гэтым эканамічныя сувязі з Расіяй застаюцца надзвычай моцнымі. Там працуюць больш за паўмільёна грамадзян Кыргызстана, а адтуль паступаюць нафта, газ, жалеза, драўніна, паліва і змазачныя матэрыялы.

Чытайце таксама:

Вайна ва Украіне прынесла вялізныя прыбыткі нафтагазаваму сектару ЗША

Уварванне Расіі ва Украіну стала залатой жылай не толькі для Беларусі, але і для Паўночнай Карэі. Вось на чым яны нажываюцца

Кыргызстан пад ціскам ЗША абмяжоўвае транзіт санкцыйных тавараў у Расію

Каментары да артыкула