БЕЛ Ł РУС

«Пралесак не бачу». Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі выказаўся пра перамовы з Мінскам

25.09.2026 / 17:35

Nashaniva.com

Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш у эфіры тэлеканала «Белсат» пракаментаваў сустрэчу кіраўнікоў МЗС на палях Генасамблеі ААН і заявіў, што перамовы з Мінскам прывядуць толькі да скасавання санкцый, але не да дэмакратызацыі Беларусі. Хоць раней ён сам выступаў за дыялог з беларускімі ўладамі.

Вітольд Юраш

«Цяпер любую нармалізацыю з Мінскам я лічу цалкам памылковай», — сказаў на «Белсаце» журналіст выдання Onet.pl, часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі ў 2010—2011 гадах Вітольд Юраш.

У час сваёй працы ў Мінску ён, наадварот, выступаў за перамовы з беларускімі ўладамі. Тагачасны дыпламат лічыў магчымым не дапусціць спаўзання Беларусі з аўтарытарызму ў дыктатуру і ператварэння нашай краіны з незалежнай дзяржавы ў, як ён сказаў, «паўкалонію Расіі»:

«Я 15 гадоў таму казаў зусім інакш. Я тады казаў: так, трэба размаўляць. Але цягнік адышоў, усё».

Тады ў Варшаве многія выступалі супраць дыялогу. Цяпер жа перамовы з Мінскам на руку Крамлю, упэўнены Юраш:

«Калі мы станем размаўляць цяпер з Мінскам, то вынік будзе адзін: не будзе санкцый. А калі не будзе санкцый на Беларусь, тады не будзе і на Расію, паколькі эканамічна гэта адно і тое ж».

Экс-дыпламат пры гэтым мяркуе: улады Беларусі не могуць гарантаваць, што з нашай тэрыторыі не будзе нападу на суседзяў, паколькі «вырашае не Мінск, а Масква», і «Лукашэнка не ў стане адмовіць Пуціну, калі раптам Пуцін захоча вайны»:

«Не трэба адчуваць ілюзій, што цяперашні Лукашэнка можа ў выпадку рашэння Пуціна напасці на Літву яго, прабачце за выраз, паслаць. 15 гадоў таму назад — так, ён мог сказаць: не. А цяпер не можа».

Дыскусіі вакол магчымага пацяплення паміж Мінскам і Варшавай пачаліся пасля сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы Максіма Рыжанкова і Радаслава Сікорскага на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Пра перспектывы стасункаў Сікорскі сказаў вельмі вобразна: «Гэта як пралеска, якая можа зацвісці, калі надвор'е спрыяльнае».

Вітольд Юраш на гэта заўважыў, што «ніякіх пралесак не бачыць»:

«Я не хачу тут казаць, што сустрэча Сікорскага з Рыжанковым была нейкай скандальнай, паколькі ў ААН — гэта такая традыцыя: сустракаюцца краіны, у якіх вельмі складаныя ўзаемаадносіны».

Былы дыпламат падсумаваў, што цяпер перамовы з Мінскам могуць прывесці да скасавання санкцыяў і вызвалення палітвязняў, але не да спынення рэпрэсіяў у Беларусі.

Чытайце таксама:

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 

Каментары да артыкула