Развіваць трамвайны рух у Мінску не плануюць
Развіцця трамвайнай сеткі ў Мінску ў найбліжэйшы час чакаць не варта. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар «Мінсктранса» Канстанцін Галалобаў у эфіры «Радыё Мінск».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле яго слоў, сталіца робіць асноўную стаўку на развіццё метрапалітэна, які ён назваў найбольш камфортным, хуткім і зручным для пасажыраў. Таму прыярытэт будзе аддавацца менавіта метро. Пры гэтым зусім адмаўляцца ад трамвайнага транспарту ўлады не збіраюцца.
Галалобаў адзначыў, што ў Мінску ёсць раёны, якія абслугоўваюцца выключна трамваямі, у прыватнасці вуліца Якуба Коласа і Лагойскі тракт. На яго думку, пасажыры цэняць трамвай за хуткасць, асабліва на хуткасных маршрутах. Таму захаванне трамвайнай сеткі ў яе цяперашнім выглядзе будзе неабходным для забеспячэння перавозак.
У планах гарадскіх уладаў — абнаўленне трамвайнага рухомага складу і рамонт наяўнай інфраструктуры. Гэта павінна зрабіць трамваі больш ціхімі, плаўнымі і хуткімі.
Чытайце таксама:
Вы не пазнаеце раёна плошчы Перамогі. Там з'явіцца пешаходная вуліца і незвычайны трамвай
Новае трамвайнае кальцо ў Мінску. Вось як яно выглядае
Трамваі ў Мінску канчаткова перасталі хадзіць да канцавога прыпынку «Возера»