У Казахстане пасля гібелі вайскоўцаў на Каспіі затрымалі начальніка штаба ВМС і яшчэ чатырох камандзіраў
У Казахстане затрымалі пяцярых прадстаўнікоў вышэйшага і старэйшага каманднага складу Узброеных сіл краіны па справе аб гібелі 14 вайскоўцаў падчас вучэнняў на Каспійскім моры.
МУС Рэспублікі Казахстан
Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Казахстана, статус падазраваных атрымалі начальнік штаба і першы намеснік галоўнакамандуючага Вайскова-марскіх сіл Казахстана, два камандзіры вайсковых часцей, камандзір роты марской пяхоты і камандзір катара. Іх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў горадзе Актау.
Расследаванне вядзецца па артыкулах аб халатным стаўленні да службы і парушэнні правілаў кіравання суднам, якое прывяло да гібелі людзей. Трагедыя адбылася падчас вучэнняў «Хазар Қорғаны — 2026» прыкладна за 43 кіламетры ад Актау.
Фота: Kazakh Ministry of Defense/Anadolu via Getty Images
Паводле следства, 24 верасня падчас высадкі вайскоўцаў з катара «Қайсар» у неспрыяльных умовах надвор’я людзей знесла ў мора. Казахстанскія сілавыя структуры высвятляюць, як прымаліся рашэнні аб арганізацыі і правядзенні вучэбна-баявога задання, ці ўлічваўся прагноз надвор’я, ці выконваліся патрабаванні бяспекі і ў якім тэхнічным стане знаходзіўся катар.
Спачатку паведамлялася, што ў адкрытае мора падчас вучэнняў у Мангістаўскай вобласці знесла 19 вайскоўцаў. Пазней Міністэрства абароны ўдакладніла, што гаворка ішла пра 17 чалавек. Трох вайскоўцаў удалося выратаваць, яшчэ 14 загінулі.
25 верасня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў абвясціў у краіне дзень агульнанацыянальнай жалобы.
Чытайце таксама:
Усяго падчас трагічнага выпадку на Каспійскім моры загінулі 14 казахстанскіх вайскоўцаў
19 вайскоўцаў з Казахстана забрала хваляй падчас вучэнняў у Каспійскім моры
Прапрэзідэнцкая партыя ўпэўнена выйграла выбары ў Казахстане