У Белавежскай пушчы пабудуюць больш прасторную рэзідэнцыю Дзеда Мароза
У Белавежскай пушчы плануюць стварыць новую сучасную рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза. Яна павінна быць больш прасторнай і маштабнай за цяперашнюю. Пра гэта на першым экалагічным фестывалі «Зубр-фэст» паведаміў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пятро Пархомчык, піша sb.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: belarus.travel
Паводле слоў чыноўніка, стаіць задача ўжо да наступнага Новага года прымаць гасцей на новай пляцоўцы. Новая рэзідэнцыя павінна быць больш сучаснай, прасторнай і вялікай.
Яе стварэнне разглядаецца як частка развіцця Белавежскай пушчы і яе турыстычнай інфраструктуры. Улады разлічваюць прыцягнуць у нацыянальны парк больш турыстаў і зрабіць яго месцам, якое наведваюць на працягу ўсяго года.
Цяперашняя рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза адкрылася ў Белавежскай пушчы ў 2003 годзе. Яна знаходзіцца ў глыбіні запаведнага лесу, больш чым за дзесяць кіламетраў ад цэнтральнага ўваходу ў нацыянальны парк у вёсцы Камянюкі. Раней на гэтым месцы знаходзіўся зубрагадавальнік, куды зімой прыходзілі карміцца зубры. Плошча сядзібы складае 15 гектараў.
У цяперашні комплекс уваходзіць дом Дзеда Мароза. На першым паверсе размешчаныя тронная зала і кабінет, а на другім — спальня і балкон. Побач знаходзяцца асобны домік Снягуркі і «Скарбніца», дзе захоўваюцца падарункі, лісты, малюнкі, фатаграфіі і вырабы, якія дасылаюць дзеці. Таксама на тэрыторыі працуе музей Дзеда Мароза.
У сядзібе ёсць вятрак, чароўны калодзеж, сажалка з Царэўнай-жабай, а таксама шмат драўляных скульптур і кампазіцый паводле вядомых казак. Рэзідэнцыя прымае наведвальнікаў круглы год. Дабрацца да яе можна на транспарце нацыянальнага парку ў складзе экскурсійнай групы.
Чытайце таксама:
Дзед Мароз прыехаў да дзяцей на «Лінію Сталіна» на танку