БЕЛ Ł РУС

Мінскі дызайнер стварыў самы беларускі пухавік — з сена

27.09.2026 / 14:31

Nashaniva.com

«У якасці напаўняльніка было сабрана найлепшае беларускае лугавое сена».

Фота: zhdanoviich / Іnstagram

Беларускі дызайнер Ягор Ждановіч зрабіў пухавік, напоўнены лугавым сенам. Куртка пашытая з празрыстай плёнкі, таму яе напаўненне цалкам бачнае. У каментарыях дызайнеру раяць запатэнтаваць вынаходку, «каб не скрала Balenciaga».

«Я зрабіў самы танны пухавік у свеце. З натуральнага матэрыялу», — напісаў Ждановіч, паказваючы новую куртку.

«У якасці напаўняльніка было сабрана найлепшае беларускае лугавое сена», — гаворыцца ў апісанні.

Верх курткі зроблены са шчыльнай празрыстай ПВХ-плёнкі, якая добра трымае форму. Паводле дызайнера, пухавік настолькі цвёрды, што можа самастойна «стаяць» на зямлі. Ён мае аб’ёмны сілуэт, металічную фурнітуру і здымны капюшон на маланцы.

Нягледзячы на словы пра «самы танны пухавік», ён каштуе каля $600. Замовіць куртку можна на сайце дызайнера. Тэрмін вырабу — ад 14 да 21 дня.

Ждановіч папярэджвае, што рэч не падыходзіць для штодзённага нашэння і яе нельга мыць у пральнай машыне. Пухавік пазіцыянуецца як арт-аб’ект.

Раней Ягор Ждановіч ужо выпускаў худзі з мяшкоў для бульбы з надпісам «Палессе». Яно каштавала 250 рублёў, калолася, прасвечвала і таксама не прызначалася для штодзённага нашэння.

Яшчэ адным яго бізнэс-праектам быў звычайны камень з Нарачы з гравіроўкай, змешчаны ў дызайнерскую шкатулку. Ждановіч спрабаваў прадаць яго за $2000.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула