БЕЛ Ł РУС

Радаслаў Сікорскі пра адносіны Польшчы з Беларуссю: У нас лёгкая адліга

30.09.2026 / 21:51

Nashaniva.com

У інтэрв'ю выдання Rzeczpospolita з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім сярод іншых была паднятая тэма магчымай нармалізацыі адносін з Беларуссю.

Радаслаў Сікорскі. Фота: AP Photo / Geert Vanden Wijngaert

«У нас ёсць лёгкая адліга, таму што Беларусь зрабіла тое, да чаго адзін за адным заклікалі польскія ўрады: выпусціла Андрэя Пачобута пры пасярэдніцтве ЗША, і нават дазволіла яму вярнуцца ды выпусціла зноў», — сказаў Сікорскі.

Ён дадаў, што «апошнім часам перасталі лётаць кантрабандныя шары», а на польска-беларускай мяжы спакойна, хоць, на яго думку, гэта з'яўляецца заслугай не Беларусі, а вынікам таго, што Польшча выдаткавала больш за мільярд еўра на будаўніцтва бар'ера і аперацыю для аховы мяжы.

«Некаторым у краіне здаецца, што Польшча мае нейкіх адвечных і назаўжды сяброў і ворагаў, тым часам як замежная палітыка грунтуецца на тым, што мы схіляем іншыя суб'екты міжнароднага права да паводзін, якія больш адпавядаюць нашым інтарэсам, і калі змяняецца іх палітыка, то мы таксама можам змяніць палітыку, — казаў кіраўнік польскага МЗС. 

У нашых інтарэсах, каб Беларусь захавала дзяржаўную асобнасць ад Расіі», — падкрэсліў ён.

Сікорскі адзначыў, што ёсць розніца паміж тым, каб быць партнёрам Расіі, і тым, каб быць яе часткай.

Таксама ён сказаў, што ўжо 30 гадоў «усё ідзе да таго», каб Расія павялічыла сваю тэрыторыю за кошт Беларусі.

«Пытанне ў тым, каб гэтага не адбылося», — адзначыў польскі міністр.

Чытайце таксама:

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Бабарыка падзякаваў Сікорскаму за сустрэчу з Рыжанковым у Нью-Ёрку

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 

Каментары да артыкула