БЕЛ Ł РУС

Акадэмія мастацтваў засталася без першага прарэктара

2.10.2026 / 11:41

Nashaniva.com

Кандыдатка педагагічных навук Алена Ратмірава, якая раней займала гэтую пасаду, звольнілася сама, кажуць у Акадэміі.

Алена Ратмірава, былы першы прарэктар БДАМ. Фота: bdam.by

Крэсла першага прарэктара ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вакантнае ад панядзелка.

«Чалавек звольніўся. Пакуль мы без першага прарэктара, нікога не прызначылі», — пацвердзілі ў прыёмнай.

У 1993 годзе Алена Ратмірава скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт). Да 2006‑га працавала ў гімназіі №10 Маладзечна настаўніцай выяўленчага мастацтва і працы.

Паралельна паступіла ў аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі. Абараніла кандыдацкую на тэму «Дыдактычныя асаблівасці засваення вучнямі 5-7 класаў элементаў праектнай дзейнасці на ўроках тэхналогіі». У 2021 годзе скончыла дактарантуру.

У свой час Ратмірава займала пасаду дэкана факультэта падвышэння кваліфікацыі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пасля гэтага ўладкавалася ў Акадэмію мастацтваў.

Алена Ратмірава праводзіць на мастацкім факультэце інфармацыйна-метадычную гадзінку «Выбары прэзідэнта Беларусі: будучыня залежыць ад нас», 2024 год. Апошняя згадка пра яе на сайце акадэміі датуецца канцом студзеня. Фота: bdam.by

Вядома, што цяпер Алена Ратмірава працягвае працу ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі на кафедры філасофіі і гуманітарных праблем адукацыі.

Вясной у БДАМ з’явілася новая кіраўніца — замест Міхаіла Баразны на пасаду рэктара прызначылі архітэктарку Настассю Каласоўскую. Сваю галоўную мэту тая сфармулявала як «разбудзіць Акадэмію».

Чытайце таксама:

Міхаіла Баразну знялі з пасады рэктара Акадэміі мастацтваў

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста

Каментары да артыкула