Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў атрымала новую кіраўніцу — архітэктарку Анастасію Каласоўскую. Пра яе жыццё мала што вядома, але «Наша Ніва» адшукала іх з мужам сядзібу пад Мінскам. Катэдж коштам амаль паўмільёна даляраў, з уласным спа-комплексам, хваёвым лесам і камінам вышынёй 7 метраў.

Анастасія Каласоўская шмат гадоў рабіла акадэмічную кар'еру ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, дзе дарасла да пасады намесніцы дэкана архітэктурнага факультэта. Яе муж, Андрэй Зайцаў — вядомы архітэктар-практык, які прайшоў школу ў дзяржаўным інстытуце «Ваенпраект», пасля чаго сышоў у прыватны бізнэс і заснаваў уласную студыю.
Верагодна, пазнаёміліся яны яшчэ ў студэнцкія гады, бо вучыліся прыкладна ў адзін час на архітэктурным факультэце Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (як тады называўся БНТУ) і скончылі яе ў канцы 1990‑х гадоў.

Правераны кадр на месцы прынцыповых людзей
Як адзначаюць у архітэктурнай супольнасці, восенню 2020 года, у самы разгар пратэстаў, Каласоўская выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Адным з першых яе пасылаў на кафедры была жорсткая ўстаноўка: калі вы працуеце ў дзяржаўнай ВНУ, то абавязаны падтрымліваць дзяржаўную палітыку.

У 2024 годзе, калі Каласоўская перайшла з БНТУ ў Акадэмію мастацтваў, яна заняла пасаду прарэктаркі па вучэбнай рабоце, якая да 2021 года належала Алене Бохан. Тая падчас пратэстаў прынцыпова адмовілася падпісваць загады аб адлічэнні моладзі і запатрабавала спыніць пераслед, за што ў выніку паплацілася пасадай падчас маштабнай кадравай чысткі.
Прычым наўрад ці пазіцыя Каласоўскай была прадыктавана страхам застацца без сродкаў да існавання: страта пасады ў ВНУ не адбілася б крытычна на дабрабыце сям'і.
Прэміяльныя замежныя матэрыялы і беларуская аўтэнтыка
Уласная сядзіба ў вёсцы Шубнікі, што за 18 кіламетраў ад МКАД у экалагічна чыстым Заслаўскім кірунку, стала для мужа Каласоўскай, архітэктара Андрэя Зайцава, сапраўдным маніфестам яго разумення камфорту.

Дом Зайцава і Каласоўскай у Шубніках пад Заслаўем. Фота: Tut.by
Сам Зайцаў так апісвае сваю эвалюцыю: «Па меры свайго руху я прыйшоў да праектаў прыватнага домабудавання як найбольш маштабнай і чалавечнай формы разумення асяроддзя».
Дом будаваўся ў канцы нулявых. Сам Зайцаў у адным з інтэрв'ю расказваў пра гэты працэс з лірычнай ноткай, згадваючы, што пачынаў будоўлю без капейкі ў кішэнях, узяўшы крэдыт на 30 тысяч даляраў, які скончыўся яшчэ на этапе заліўкі падмурка.




Сродкаў спатрэбілася нямала. Першапачатковая ідэя сціплага каркасніка хутка трансфармавалася. Псіхалагічна архітэктар не змог змірыцца з адчуваннем «лёгкіх сцен», таму ўнутры драўлянай абалонкі быў збудаваны маналітны жалезабетонны каркас са сценамі з керамзітабетону.
У выніку атрымалася маштабная сядзіба. На ўчастку на 18 сотак паўстаў трохпавярховы катэдж агульнай плошчай 246 квадратных метраў. Побач — гасцявы дом, альтанка-барбекю з поўнапамернай рускай печкай і вулічнай кухняй, а таксама гараж-навес на два аўтамабілі.



Ландшафт прадуманы да міліметра: унутраны двор-паціа з каланадай, забрукаваны колатым каменем, уласны пладовы сад і штучна высаджаны хваёвы лес з дрэвамі вышынёй да 14 метраў. Каб хатнія гадаванцы не адчувалі дыскамфорту, прадугледжаны ацеплены пакой для сабак з вальерам.

Унутраная прастора дома сям'і архітэктараў вырашана па прынцыпе анфілады — без калідораў, дзе памяшканні плаўна перацякаюць адно ў аднаго.


Сэрцам дома з'яўляецца двухсветлавая гасцёўня са столлю вышынёй 7,4 метра і панарамнымі вітражнымі вокнамі. Камін у гасцёўні таксама нестандартны: ачаг шырынёй 1,4 метра адліты з бетону «ўручную».
На другі паверх, дзе размясціліся спальні і невялікая кіназала, вядзе адкрытая маналітная лесвіца.



Рэлаксаваць гаспадары таксама могуць ва ўласным спа-комплексе, які ўключае лазню на дровах, аздобленую дубам і натуральным каменем, і міні-басейн.
Тэхнічнае начынне адпавядае сучасным стандартам: клімат-кантроль, сістэма цёплых падлог.

Пры ўсёй маштабнасці інжынерных рашэнняў архітэктар зрабіў стаўку на спалучэнне прэміяльных імпартных элементаў з падкрэслена лакальнымі матэрыяламі. Так, на кухні ўсталяваныя дарагія фасады з колатага бельгійскага дуба. Але ў пярэднім пакоі замест італьянскай пліткі падлогу залілі шліфаваным бетонам з вялікімі спіламі валуноў — гэта сучасная адсылка да традыцыйнай беларускай разынкавай муроўкі.


Сцены і столь у доме абклеены звычайным ільняным палатном айчыннай вытворчасці, якое каштавала капейкі, а керамзітабетонныя блокі ў гасцёўні проста перацёртыя клеем і пафарбаваныя.


Асобны гонар гаспадара — сабраныя па крупінках гістарычныя артэфакты: аўтэнтычныя збаны з палескай Гарадной, дарэвалюцыйнае шкло, выратаванае са сметніка пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска, і старая канапа з бацькоўскай хаты. Усё гэта стварае вобраз дыхтоўнага шляхецкага маёнтка з уласнай гісторыяй.


Стылёвы будынак прыцягвае ўвагу не толькі журналістаў, але і кіношнікаў. Менавіта ў катэджы Зайцава і Каласоўскай здымаліся пачатковыя сцэны расійска-беларускага трылера «Дзіўны дом» (2023). У гэтым жа фільме засвяцілася, напрыклад, і сядзіба ў Красным Беразе.



Цана пытання
У 2022 годзе дом нечакана быў выстаўлены на продаж. За цалкам гатовую да пражывання сядзібу з басейнам прасілі каля 450 тысяч даляраў (амаль 1,3 мільёна рублёў). Аднак пакупнікоў, відаць, не знайшлося. Аб'ява на сайце перастала быць актыўнай, а мяркуючы па сацсетках архітэктара, які, дарэчы, любіць падпісваць свае пасты па-беларуску, сям'я працягвае жыць у сваім гняздзе пад Заслаўем.

Разважаючы пра ўласную прафесію, Андрэй Зайцаў аднойчы вельмі трапна заўважыў, што архітэктуру можна разглядаць як спосаб выказвання і выхавання чалавека. Паводле яго слоў, эстэтыка другасная, а галоўнае — гэта этыка і фарміраванне такіх паняццяў, як годнасць, самапавага і ўнутраная свабода.
Праўда, ёсць небеспадстаўныя сумненні, што фарміраванне такой этыкі — гэта тое, чым будзе займацца яго жонка на пасадзе рэктаркі Акадэміі мастацтваў. У сістэме, часткай якой яна стала, на першым месцы сярод якасцяў студэнтаў і супрацоўнікаў стаіць не годнасць, а безагаворачная лаяльнасць да рэжыму.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
На у́сходзе ён выхаваны у́жо дау́но , у нас ад пачатку акупацыі з 1794 году