Рыжанкоў: Беларусь гатовая аднавіць механізмы вайсковай сувязі з НАТА
Беларусь гатовая аднавіць механізмы вайсковай сувязі і ўзаемадзеяння з краінамі НАТА, калі дзяржавы альянсу таксама будуць гатовыя да гэтага. Пра гэта ў інтэрв'ю расійскім прапагандыстам з ТАСС заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.
Максім Рыжанкоў. Фота: Alexander Nemenov Pool Photo via AP
Паводле яго слоў, Мінск гатовы вярнуцца да механізмаў вайсковай верыфікацыі, ранняга папярэджання і іншых мер празрыстасці. Рыжанкоў адзначыў, што Беларусь не будзе перашкаджаць аднаўленню такіх механізмаў, калі краіны НАТА праявяць сустрэчную гатоўнасць.
Ён заявіў, што Беларусь не была ініцыятарам спынення ранейшых каналаў узаемадзеяння, абмену інфармацыяй і вайсковых абмежаванняў, у тым ліку ў рамках АБСЕ і двухбаковых механізмаў. Адказнасць за іх дэмантаж ён усклаў на заходнія краіны, заявіўшы, што яны імкнуліся пашырыць магчымасці выкарыстання ўзбраенняў і прыцягнуць больш дзяржаў да выкарыстання стратэгічных узбраенняў.
На думку Рыжанкова, аднаўленне падобных механізмаў магло б знізіць рызыку ваенных інцыдэнтаў і падвысіць узаемную прадказальнасць. Нават абмежаваныя меры ранняга папярэджання і верыфікацыі, паводле яго слоў, дазволілі б бакам лепш разумець дзеянні адзін аднаго і быць больш упэўненымі ў тым, што тыя ці іншыя крокі не скіраваныя непасрэдна супраць іх.
Чытайце таксама:
Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе
Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком ААН