БЕЛ Ł РУС

Падпісалі мемарандум аб будаўніцтве высокахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск

1.10.2026 / 20:52

Nashaniva.com

Беларусь і Расія падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі. 

Злева направа — Андрэй Нікіцін, Аляксандр Турчын, Аляксей Ляхновіч

Дакумент падпісалі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч і міністр транспарту Расіі Андрэй Нікіцін падчас пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску. Пры падпісанні прысутнічалі прэм'ер-міністры дзвюх краін Аляксандр Турчын і Міхаіл Мішусцін.

Мемарандум прадугледжвае супрацоўніцтва пры праектаванні, будаўніцтве і далейшай эксплуатацыі высакахуткаснай магістралі. Цяпер ідзе папярэдняя комплексная прапрацоўка праекта.

Бакі плануюць каардынаваць свае дзеянні, абменьвацца вопытам, развіваць прамысловую кааперацыю і рыхтаваць кадры для будучай магістралі. Як паведамляецца, рэалізацыя праекта павінна спрыяць развіццю дзелавой актыўнасці, гандлю, інвестыцый і турызму ў «Саюзнай дзяржаве».

Пры гэтым з 2 красавіка 2026 года ўжо працуе прыгараднае чыгуначнае злучэнне паміж Смаленскам, Віцебскам і Оршай. Вынікі гэтых пілотных праектаў, як сцвярджаецца, істотна перавысілі прагнозы. Таму пасля падвядзення вынікаў года плануецца разгледзець магчымасць далейшага пашырэння чыгуначнага пасажырскага злучэння паміж Беларуссю і Расіяй.

Чытайце таксама:

Праект хуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск падымаецца ў прыярытэтах

Высакахуткасную чыгуначную магістраль Масква — Мінск ужо часткова спраектавалі

З Мінска хочуць запусціць цягнік у Маскву з хуткасцю да 400 км/г. Што не так з праектам?

Пуцін прапанаваў пабудаваць паміж Масквой і Мінскам хуткасную чыгуначную магістраль

Каментары да артыкула