Паўднёвая Карэя пагражае прыняць меры, калі Украіна не выбачыцца за разгалашэнне перадачы ваеннапалонных
Вядома, што Паўночная Карэя помсціць перабежчыкам і членам іх сем'яў.
Фота: тэлеграм-канал Зяленскага
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Лі Джэ Мён заявіў у пятніцу, што Сеул прыме «далейшыя меры», калі Украіна адмовіцца публічна папрасіць прабачэння за, як ён выказаўся, аднабаковае раскрыццё інфармацыі пра адпраўку паўночнакарэйскіх ваеннапалонных у Паўднёвую Карэю, піша «Еўраньюс».
Сеул заняў цвёрдую пазіцыю ў сувязі з тым, што Кіеў апублікаваў факт перадачы двух ваеннаслужачых, захопленых у баі на баку Расіі, папярэдзіўшы, што іх сем'і могуць стаць мішэнню для Пхеньяна.
Вядома, што Паўночная Карэя помсціць перабежчыкам і членам іх сем'яў.
Асобы абодвух ваеннапалонных можна вызначыць: іх фатаграфавалі паўднёвакарэйскія СМІ яшчэ да прыбыцця ў краіну.
Украінскія войскі захапілі іх у палон у пачатку мінулага года, пасля таго як яны былі накіраваныя разам з тысячамі паўночнакарэйскіх ваеннаслужачых для падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны ў абмен на эканамічную і ваенную дапамогу Пхеньяну.
Праз некалькі гадзін пасля таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на мінулым тыдні паведаміў пра перадачу ваеннапалонных, выступаючы ў ААН, Лі выказаў абурэнне. Сеул настойвае, што рэжым сакрэтнасці быў неабходны для абароны сваякоў ваеннапалонных.
Пасля Сеул запатрабаваў ад Украіны афіцыйных прабачэнняў, заявіўшы, што падчас кансультацый бакі прыйшлі да «выразнай дамоўленасці» захаваць факт перадачы ў таямніцы.
«Калі Украіна і далей будзе адмаўляцца прызнаць факты і публічна папрасіць прабачэння, мы прымем далейшыя меры», — заявіў у пятніцу паўднёвакарэйскі прэзідэнт, абвінаваціўшы Кіеў у тым, што той выстаўляе яго «хлусам».
«Гэта пытанне, якое тычыцца годнасці Рэспублікі Карэя і яе народа, і яно не можа быць пакінута без увагі», — напісаў Лі ў сетцы X.
Сібіга заявіў, што «не хацеў бы называць гэта інцыдэнтам», ахарактарызаваўшы сітуацыю як «дыпламатычнае непаразуменне».
Як паведаміў у сераду адзін з дэпутатаў, паўднёвакарэйская разведслужба мяркуе, што Зяленскі мог раскрыць факт перадачы паўночнакарэйскіх салдат, каб узмацніць падтрымку ў паўднёвакарэйскім грамадстве ідэі паставак узбраенняў Украіне.
За апошнія гады Паўднёвая Карэя ператварылася ў буйнога экспарцёра ўзбраенняў, асабліва пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў пачатку 2022 года, у тым ліку дзякуючы шматмільярднаму абароннаму кантракту з Польшчай.
Аднак Сеул па-ранейшаму ўстрымліваецца ад паставак смяротнай зброі Кіеву, спасылаючыся на даўнюю палітыку не ўзбройваць краіны, уцягнутыя ў актыўныя канфлікты.
Чытайце таксама:
Сеул пасварыўся з Кіевам праз паўночнакарэйскіх ваеннапалонных