Стала вядома імя другога пілота Flydubai, які напаў на капітана самалёта, што ляцеў у Тэль-Авіў
Гэта 29‑гадовы Хамам Аль-Хамамі. Ён з'яўляецца грамадзянінам Амана.
Другі пілот самалёта авіякампаніі Flydubai, які 30 верасня, як мяркуецца, напаў на калегу і спрабаваў справакаваць авіякатастрофу, — 29‑гадовы Хамам Аль-Хамамі, паведамляе ABC News са спасылкай на крыніцы.
Ён з'яўляецца грамадзянінам Амана.Паводле адной з крыніц CNN, Аль-Хамамі нарадзіўся ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у сям'і бацькі-аманца і маці-сірыйкі і некалькі гадоў пражыў там.
У профілі LinkedIn на імя Хамама Аль-Хамамі было пазначана, што ён сем гадоў працаваў у авіякампаніі Oman Air (звольніўся ў лютым 2025 года), пасля чаго ў чэрвені 2025 года перайшоў у Royal Air Maroc і пакінуў яе ў студзені 2026 года. Згадак пра flydubai на старонцы не было. Адна з крыніц пацвердзіла, што гэты профіль належыць пілоту Flydubai, які ўдзельнічаў у інцыдэнце. На гэты момант профіль выдалены, адзначае тэлеканал.
У 2024 годзе ў Аль-Хамамі, які праходзіў стажыроўку ў якасці другога пілота авіякампаніі Oman Air, былі выяўленыя экстрэмісцкія матэрыялы.
Паводле суразмоўцаў тэлеканала, яму дазволілі працягнуць працу ў авіякампаніі на адміністрацыйнай пасадзе. Мяркуецца, што яго адхілілі ад палётаў з-за асцярог наконт ягоных экстрэмісцкіх поглядаў.
Цяпер высвятляецца, якім чынам меркаванаму нападніку пазней дазволілі лётаць у якасці пілота Flydubai і ён апынуўся ў кабіне самалёта, які ляцеў у Ізраіль, у якасці другога пілота.
У чацвер Аль-Хамамі перавезлі з Саудаўскай Аравіі ў ААЭ. Ён прызнаўся ў тым, што меў намер разбіць самалёт у Ізраілі.
Інцыдэнт на борце рэйса Дубай — Тэль-Авіў адбыўся 30 верасня Прыкладна праз дзве гадзіны пасля пачатку палёту самалёт рэзка страціў больш за 17 тысяч футаў, або каля 5,2 кіламетра, вышыні.
Адна з пасажырак, якая ішла з маленькай дачкой у туалет, пачула шум у кабіне пілота і звярнула на гэта ўвагу іншых пасажыраў і членаў экіпажа. Неўзабаве стала зразумела, што ў кабіне адбываецца барацьба.
Пасажыры спрабавалі трапіць у кабіну, але зрабіць гэта спачатку не ўдалося. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года працэдура доступу ў кабіну была змененая такім чынам, што дзверы можна было адкрыць толькі знутры.
Калі самалёт працягваў траціць вышыню, дзверы раптам адчыніліся. Некалькі ізраільскіх пасажыраў змаглі абясшкодзіць другога пілота, які напаў на капітана з нажом і, паводле сведчанняў відавочцаў, спрабаваў пашкодзіць панэль кіравання самалётам.
Пасля гэтага пасажыры разам з пілотам, які знаходзіўся на борце, здолелі стабілізаваць самалёт і пасадзіць яго ў аэрапорце Табука на паўночным захадзе Саудаўскай Аравіі. Параненага пілота Сміта Мачхара спачатку даставілі ў бальніцу Табука, а затым санітарным рэйсам перавезлі ў Абу-Дабі.