Гераічны індыйскі пілот Flydubai упершыню расказаў, што адбывалася ў кабіне самалёта на рэйсе з Дубая ў Тэль-Авіў
Індыйскі пілот Сміт Мачхар, які атрымаў цяжкія раненні падчас спробы захопу самалёта Flydubai, упершыню пасля інцыдэнту расказаў пра тое, што адбывалася ў кабіне пілотаў. Ён зрабіў гэта падчас відэаразмовы з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрай Модзі, піша Бі-бі-сі.

Па словах Мачхара, ён ляжаў на падлозе, быў паранены, а другі пілот працягваў на яго нападаць. Пры гэтым капітан разумеў, што самалёт хутка траціць вышыню і трэба нешта рабіць.
«Я ляжаў на падлозе паранены, але сказаў сабе, што павінен зрабіць апошняе намаганне і адкрыць дзверы знутры, каб іншыя людзі маглі ўвайсці ў кабіну і таксама дапамагчы ўзяць сітуацыю пад кантроль. Вядома, я змагаўся за ўласнае жыццё, але адначасова разумеў, што не дазволю загінуць іншым», — расказаў пілот.
Пасажыры, якія ўвайшлі ў кабіну, каб абясшкодзіць нападніка, убачылі Мачхара на падлозе ў лужыне крыві. Пазней ізраільскі доктар, які аказваў яму першую дапамогу на борце, пацвердзіў, што пілот страціў шмат крыві.
Пасажыры і прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху назвалі яго спробу дацягнуцца да кнопкі разблакавання дзвярэй у такім стане гераічным учынкам. Нарэндра Модзі заявіў капітану, што яго мужнасць, вытрымка і здольнасць хутка прымаць рашэнні дапамаглі выратаваць жыцці многіх людзей.
Пасольства Індыі ў ААЭ паведаміла, што Мачхар адчувае сябе добра і паспяхова аднаўляецца. Сам пілот сказаў, што стараецца не ўспрымаць сваё раненне менавіта як раненне, бо гэта ўскладніла б аднаўленне. Ён назваў рэабілітацыю шляхам, які патрабуе часу, але заявіў, што ўпэўнены ў сваім выздараўленні.
Інцыдэнт на борце рэйса Дубай — Тэль-Авіў адбыўся 30 верасня Прыкладна праз дзве гадзіны пасля пачатку палёту самалёт рэзка страціў больш за 17 тысяч футаў, або каля 5,2 кіламетра, вышыні.
Адна з пасажырак, якая ішла з маленькай дачкой у туалет, пачула шум у кабіне пілота і звярнула на гэта ўвагу іншых пасажыраў і членаў экіпажа. Неўзабаве стала зразумела, што ў кабіне адбываецца барацьба.
Пасажыры спрабавалі трапіць у кабіну, але зрабіць гэта спачатку не ўдалося. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года працэдура доступу ў кабіну была змененая такім чынам, што дзверы можна было адкрыць толькі знутры.
Калі самалёт працягваў траціць вышыню, дзверы раптам адчыніліся. Некалькі ізраільскіх пасажыраў змаглі абясшкодзіць другога пілота, які напаў на капітана з нажом і, паводле сведчанняў відавочцаў, спрабаваў пашкодзіць панэль кіравання самалётам.
Пасля гэтага пасажыры разам з пілотам, які знаходзіўся на борце, здолелі стабілізаваць самалёт і пасадзіць яго ў аэрапорце Табука на паўночным захадзе Саудаўскай Аравіі. Параненага Мачхара спачатку даставілі ў бальніцу Табука, а затым санітарным рэйсам перавезлі ў Абу-Дабі.
Пасажыр Яніў Хают, які першым трапіў у кабіну, расказаў, што, заходзячы ў яе, яму здалося, што ён адсунуў дзвярыма капітана, які ляжаў на падлозе. Пасля гэтага стала зразумела, што менавіта паранены пілот, верагодна, здолеў дацягнуцца да кнопкі разблакавання дзвярэй.
Ізраільскія ўлады называюць тое, што адбылося, спробай захопу самалёта з мэтай яго крушэння. Нападнік, які аказаўся грамадзянінам і ўраджэнцам Амана, знаходзіцца пад следствам.
Капітан Сміт Мачхар вырас у Мумбаі, дзе дагэтуль жывуць яго бацькі. Ён мае каля 15 гадоў вопыту ў авіяцыі і налётаў амаль 9750 гадзін, больш за 6400 з якіх — у якасці камандзіра паветранага судна.
У авіяцыю Мачхар прыйшоў не адразу. Пасля школы ён вывучаў тэхналогію тэкстыльнай вытворчасці, плануючы працягнуць сямейны бізнэс, а затым вывучаў менеджмент у інстытуце ў Мумбаі. Прыкладна ў 19 гадоў ён наведаў авіяцыйны семінар і зацікавіўся палётамі.
Пазней Мачхар прайшоў падрыхтоўку ў Новай Зеландыі і пачаў працаваць у індыйскай авіякампаніі SpiceJet. Там ён стаў капітанам-інструктарам, які займаўся падрыхтоўкай маладых пілотаў. У SpiceJet ён працаваў 11 гадоў, а ў 2022 годзе перайшоў у Flydubai.
«Я пацягнуў за штурвал». Пасажыр рэйса Flydubai распавёў, як яму ўдалося выратаваць самалёт Дубай — Тэль-Авіў
Самалёт Flydubai уратавалі пілот-індыец і тры пасажыры, адзін з якіх стаматолаг. Другога пілота звязалі правадамі ад слухавак і маланкамі
На рэйсе ў Тэль-Авіў усё ж былі пілоты з Украіны і Расіі, але не тыя
Паведамленні, што ў кабіне пілотаў на борце з Дубая ў Тэль-Авіў пабіліся расіянін і ўкраінец, аказаліся фэйкам
Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў
Каментары