БЕЛ Ł РУС

На борце адзінага французскага атамнага авіяносца ўспыхнуў пажар

5.10.2026 / 22:21

Nashaniva.com

На борце французскага авіяносца «Шарль дэ Голь» 5 кастрычніка адбыўся пажар. Карабель цяпер праходзіць тэхнічнае абслугоўванне на вайскова-марской базе ў Тулоне і павінен заставацца там да пачатку снежня, піша Le Figaro.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Joeal Calupitan

Пажар пачаўся пасля правядзення зварачных работ з выкарыстаннем газавай гарэлкі ў адным з тэхнічных памяшканняў карабля. Сігналізацыя спрацавала незадоўга да 11:30. Узгаранне адбылося ў памяшканні плошчай не больш за 10 квадратных метраў, размешчаным каля авіяцыйнага ангара. Падчас тэхнічнага абслугоўвання карабель знаходзіцца ў порце, таму ў ангары самалётаў няма.

Першымі з агнём пачалі змагацца маракі экіпажа. Пазней ім на дапамогу прыбылі пажарнікі з вайскова-марской базы Тулона. Пажар удалося лакалізаваць у 12:35, а цалкам патушыць — у 13:50.

Па інфармацыі марскіх уладаў Міжземнаморскага рэгіёна, папярэдняй прычынай узгарання лічацца работы па рэзанні металу газавай гарэлкай. На месцы працягваецца расследаванне абставін здарэння, да якога таксама далучылі дадатковыя сілы батальёна марскіх пажарнікаў з Марсэля.

Ніхто з людзей не пацярпеў. Таксама не было выяўлена ніякага ўздзеяння пажару на ядзерныя ўстаноўкі авіяносца.

«Шарль дэ Голь» знаходзіцца на тэхнічным абслугоўванні з канца жніўня. Да гэтага лета карабель быў задзейнічаны ва ўсходняй частцы Міжземнага мора на фоне пагрозы пашырэння ваеннага канфлікту на Блізкім Усходзе.

«Шарль дэ Голь» з'яўляецца адным з нешматлікіх у свеце атамных авіяносцаў. Такія авіяносцы маюць толькі дзве краіны — ЗША, у якіх іх 11, і Францыя. Чакаецца, што ў 2038 годзе французскі карабель заменіць новы авіяносец «Свабодная Францыя» (La France Libre).

Чытайце таксама:

Кіраўнік нямецкай разведкі лічыць, што Германія можа аказацца ў прамым узброеным сутыкненні з Расіяй

Паліцыя і спецслужбы Германіі шукаюць расійскія схованкі са зброяй

Данія папярэдзіла, што ў найбліжэйшыя месяцы Расія можа атакаваць адну з краін НАТА

У Польшчы загарэлася станцыя Starlink, якая дае доступ да інтэрнэту ва Украіне. Не выключаюць дыверсіі

Каментары да артыкула