БЕЛ Ł РУС

У Кіеве ўчора з-за расійскіх атак спынялася праца метро, былі праблемы з вадой і электрычнасцю

9.10.2026 / 07:45

Nashaniva.com

Сёння раніцай таксама спыняўся рух грамадскага транспарту.

Ілюстрацыйнае фота: Francisco Seco / AP

З-за зніжэння напружання ў знешніх цэнтрах электразабеспячэння ў Кіеўскім метрапалітэне часова прыпынілі рух цягнікоў і працу эскалатараў, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Сёння таксама ў Кіеве часткова спынілі рух грамадскага транспарту. Прычына спынення — адсутнасць напружання ў энергасістэме. Зараз праблема назіраецца ў Абалонскім, Падольскім і Святошынскім раёнах украінскай сталіцы.

Учора каля 18:40 было паведамлена, што на «сіняй» і «зялёнай» лініях метро паступова аднаўляецца рух цягнікоў, але з павялічанымі інтэрваламі. Рух цягнікоў на «чырвонай» лініі — найбольш загружанай — быў прыпынены.

У 19:24 гарадскія ўлады паведамілі пра аднаўленне руху на ўсіх лініях сталічнага метрапалітэна.

Акрамя таго, у некалькіх раёнах горада ўчора назіралася зніжэнне ціску ў водаправодных сетках. У некаторых дамах было часовае спыненне водазабеспячэння.

З-за складанай сітуацыі ў электрасетках, выкліканай расійскімі абстрэламі, Кіеў і іншыя рэгіёны апошнія некалькі дзён жывуць ва ўмовах працяглых адключэнняў электрычнасці.

Пасля аварыйнай сітуацыі ў метро першы віцэ-прэм'ер-міністр і міністр энергетыкі Дзяніс Шмыгаль напісаў, што была атакаваная адна з важных для Кіева энергетычных інфраструктурных пляцовак.

Міністэрства энергетыкі Украіны заявіла, што ў апошнія тыдні Расія «істотна» ўзмацніла атакі на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру.

«Вораг мэтанакіравана б'е па лініях электраперадачы і трансфарматарах, што робіць немагчымай перадачу электраэнергіі спажыўцам», — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Міністр энергетыкі Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што ўвечары 8 кастрычніка Расія атакавала «адзін з важных для Кіева энергетычных аб'ектаў».

Дырэктар энергетычных праграм Цэнтра Разумкова Уладзімір Амельчанка адзначае, што адключэнні электрычнасці ў Кіеве звязаныя найперш з «сеткавымі абмежаваннямі», гэта значыць з магчымасцямі сістэмы перадаваць электраэнергію.

«Важна адрозніваць дэфіцыт генерыруючых магутнасцяў і абмежаванні на перадачу электраэнергіі. Нават калі ў цэлым у краіне хапае генерацыі, пашкоджаныя сеткі могуць не прапускаць неабходную магутнасць у асобны рэгіён. На маю думку, менавіта сеткавыя абмежаванні адыгрываюць ключавую ролю ў цяперашніх праблемах з электразабеспячэннем Кіева», — лічыць эксперт.

Паводле яго слоў, разбурэнні і пашкоджанні буйных крыніц генерацыі ў Кіеве і вобласці — Дарніцкай ЦЭЦ, ЦЭЦ-5, ЦЭЦ-6 і Трыпольскай ЦЭС — узмацняюць залежнасць рэгіёна ад знешніх крыніц электразабеспячэння.

Удары па высакавольтных падстанцыях дадаткова абмяжоўваюць паступленне электраэнергіі з Аб'яднанай энергетычнай сістэмы Украіны.

«Спалучэнне гэтых удараў стварае пагрозу энергетычнай ізаляцыі сталічнага рэгіёна: уласнай даступнай генерацыі не хапае, а магчымасці атрымліваць электраэнергію звонку звужаюцца», — адзначае Амельчанка.

І ўсё гэта адбываецца нават пры спрыяльным цёплым надвор'і.

Паводле яго слоў, менавіта таму абарона ключавых вузлоў знешняга электразабеспячэння павінна быць адным з прыярытэтаў Украіны. Для гэтага неабходныя ўзмацненне супрацьпаветранай абароны, інжынерная абарона аб'ектаў, рэзервовыя маршруты электразабеспячэння і дастатковыя запасы абсталявання для аварыйнага аднаўлення.

Чытайце таксама:

Віталь Клічко прапанаваў тым жыхарам Кіева, у якіх ёсць магчымасць гэта зрабіць, выехаць з горада

Каментары да артыкула