БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Palantir: У эпоху ШІ будуць мець поспех толькі дзве групы людзей

12.10.2026 / 19:16

Nashaniva.com

Кіраўнік кампаніі Palantir Алекс Карп лічыць, што ў эпоху штучнага інтэлекту найбольшыя шансы на паспяховую кар'еру будуць у людзей рабочых прафесій і нейраадметных спецыялістаў — тых, чыё мысленне адрозніваецца ад агульнапрынятых норм. Пра гэта мільярдэр расказаў у інтэрв'ю подкасту TBPN, піша devby.io.

Алекс Карп. Фота: Evan Agostini/Invision/AP

«Па сутнасці, ёсць два спосабы зразумець, што ў вас ёсць будучыня. Першы — атрымаць прафесійную падрыхтоўку. Другі — быць нейраадметным», — заявіў Карп.

На яго думку, прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў, у тым ліку электрыкі і сантэхнікі, лепш абароненыя ад аўтаматызацыі. Попыт на іх таксама расце праз маштабнае будаўніцтва дата-цэнтраў для ШІ.

Другая катэгорыя для Карпа асабліва блізкая: ён неаднаразова расказваў пра ўласную дыслексію. Нейраадметнасці таксама могуць уключаць аўтызм і сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Пры гэтым кіраўнік Palantir лічыць перавагай не столькі канкрэтны дыягназ, колькі здольнасць мысліць нестандартна, рызыкаваць і знаходзіць незвычайныя рашэнні.

Паводле яго слоў, паспяховым спецыялістам будучыні давядзецца «быць больш падобнымі да мастакоў, глядзець на рэчы пад іншым кутом і ўмець ствараць штосьці ўнікальнае».

Palantir ужо робіць стаўку на такіх супрацоўнікаў. У кампаніі дзейнічае спецыяльная праграма Neurodivergent Fellowship для прыцягнення нейраадметных спецыялістаў. Згодна з прагнозам Gartner, да 2027 года 20% аддзелаў продажаў кампаній з Fortune 500 будуць мэтанакіравана наймаць такіх супрацоўнікаў для павышэння эфектыўнасці бізнэсу.

Карп таксама скептычна ставіцца да традыцыйнай вышэйшай адукацыі. Нягледзячы на ўласныя тры дыпломы, у тым ліку доктарскую ступень па філасофіі, ён раней папярэджваў, што ШІ знішчыць многія працоўныя месцы ў гуманітарных прафесіях.

Palantir нават запусціла праграму Meritocracy Fellowship для выпускнікоў школ, якія вырашылі не паступаць ва ўніверсітэт. Увосень 2026 года ўдзельнікам прапаноўвалі стыпендыю $5400 у месяц, а найлепшым — магчымасць атрымаць пастаянную працу. У першы набор увайшлі 22 чалавекі з больш чым 500 прэтэндэнтаў.

Не ўсе кіраўнікі ШІ-кампаній падзяляюць пазіцыю Карпа. Галоўны навуковы супрацоўнік Microsoft Джэймі Ціван лічыць, што гуманітарная адукацыя дапамагае развіваць крытычнае мысленне і здольнасць адаптавацца. Сузаснавальніца Anthropic Даніэла Амадэі таксама ўпэўненая, што чалавечыя якасці, у тым ліку эмпатыя, камунікабельнасць і дапытлівасць, стануць у эпоху ШІ яшчэ важнейшымі.

Чытайце таксама:

Вядомы эканаміст тлумачыць, чаму пасля 30 трэба зноў ісці вучыцца, і называе самыя запатрабаваныя кампетэнцыі

OpenAI плаціць сваім супрацоўнікам больш, чым любы буйны тэхналагічны стартап у гісторыі

Пітэр Ціль: Захад уратуюць не прыгожыя словы, а цяжкая праца. Галоўны прынцып мае быць «спрацоўвае ці не спрацоўвае»

Каментары да артыкула