БЕЛ Ł РУС

Выйшла па беларуску кніга «Сартра для эпохі экранаў»

13.10.2026 / 16:07

Nashaniva.com

Выдавецтва «Логвінаў» выпусціла беларускі пераклад кнігі сусветна вядомага карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі: супраць грамадства страху». Гэта першы пераклад кнігі на беларускую мову; на гэты момант яна яшчэ не выйшла па-руску.

У свеце Хана называюць «Сартрам для эпохі экранаў» (The New Yorker), «попзоркай сацыяльнай крытыкі» (Die Zeit) і «самым чытаным нямецкім філосафам сучаснасці» (El Pais). Ягоныя кнігі засяроджваюцца на крытыцы неалібералізму і трансфармацый, якія адбываюцца з чалавечым жыццём з-за новых інфармацыйных тэхналогій.

У «Духу надзеі» філосаф працягвае крытычны разбор сучаснасці: паказвае, як панаванне апакаліптычных сцэнароў звужае гарызонт будучыні, а мысленне, падпарадкаванае логіцы эфектыўнасці і разліку, страчвае здольнасць уяўляць нешта прынцыпова новае.

Адказ Хан знаходзіць у надзеі — не ў аптымізме, які абяцае спрыяльны вынік, а ў здольнасці адкрывацца невядомаму і бачыць магчымасці там, дзе страх малюе тупік. Пры гэтым ён не проста прапануе ўласнае вызначэнне надзеі, а ўступае ў дыялог з класікамі, крытычна пераасэнсоўваючы ідэі Камю, Арэнт, Блоха і іншых мысляроў.

Ці сапраўды надзея вядзе да пасіўнасці? Ці, наадварот, без яе немагчымыя ні свабоднае мысленне, ні дзеянне, ні новы пачатак? Для Хана надзея — не ўцёкі ад рэальнасці, а ўмова пераадолення яе наяўных межаў і стварэння супольнай будучыні.

Пасляслоўе да беларускага выдання, пад назвай «Мы як суб’ект надзеі: ад Захаду да Усходу», напісала філосафка Таццяна Шчытцова. Яна раскрывае кантэкст філасофіі Хана і параўноўвае яе з беларускім досведам. Так кніга становіцца нагодай паразважаць не толькі пра асабістую здольнасць спадзявацца, але і пра тое, што дазваляе нам захоўваць сябе як супольнасць.

Чытайце таксама:

У Вільні на наступным тыдні пройдзе другая частка літаратурнага фестывалю «Прадмова»

«Трэскі лятуць». Выйшла кніга пра дзяцей раскулачаных і дэпартаваных беларусаў

Выйшла новая кніга Максіма Знака «Каланісты»

Мікола Дзядок напісаў кнігу пра тэхналогіі ўціску грамадзянскай супольнасці

Каментары да артыкула