БЕЛ Ł РУС

Памёр прафесар Валерый Грамак

18.10.2026 / 01:04

Nashaniva.com

Механіка-матэматычны факультэт БДУ паведаміў, што 14 кастрычніка памёр доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар і шматгадовы загадчык кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў Валерый Грамак. Яму было 76 гадоў.

Валерый Грамак. Фота: mmf.bsu.by

Валерый Грамак нарадзіўся 9 красавіка 1950 года ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна. У 1972 годзе скончыў факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, а ў 1975 годзе — аспірантуру з датэрміновай абаронай кандыдацкай дысертацыі.

Працоўную дзейнасць пачаў асістэнтам, пазней стаў дацэнтам і прафесарам кафедры дыферэнцыяльных ураўненняў. У 1992 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 1993 годзе ўзначаліў кафедру дыферэнцыяльных ураўненняў, якой кіраваў да 2021 года. Працаваў запрошаным лектарам у вядучых навуковых цэнтрах розных краін свету і ўдзельнічаў у міжнародных праектах.

Даследаванні Валерыя Грамака тычыліся аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі нелінейных хваль і салітонных ураўненняў. Узначальваў беларускую навуковую школу аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена 6 кандыдацкіх і 2 доктарскія дысертацыі.

Валерый Грамак з'яўляўся адным з арганізатараў спецыяльнасці «Камп'ютарная матэматыка» і міжнародных матэматычных канферэнцый «Яругінскія чытанні».

Развітанне з навукоўцам адбудзецца 18 кастрычніка а 12:00 па адрасе Кульман, 33А.

Чытайце таксама:

Памерла Зінаіда Харытончык — выкладчыца Лінгвістычнага ўніверсітэта з 60‑гадовым стажам

Памёр акадэмік Яўген Бабосаў

Памёр Рыгор Аркушын

Каментары да артыкула