БЕЛ Ł РУС

Экскурсаводаў абавязалі ведаць дзяржаўную ідэалогію і садзейнічаць прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі

21.10.2026 / 16:26

Nashaniva.com

У Беларусі з 21 кастрычніка пачалі дзейнічаць новыя прафесійныя і этычныя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Іх зацвердзіла Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Мінск-Навіны»

Усяго пералік уключае 22 пункты. Сярод новых абавязкаў — ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, зацверджаныя дырэктывай Лукашэнкі ад 9 красавіка 2025 года № 12, і ўкараняць напрамкі ідэалагічнай працы ў сваю прафесійную дзейнасць.

Акрамя таго, экскурсаводы павінны садзейнічаць умацаванню станоўчага міжнароднага іміджу Беларусі і прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця. Падчас правядзення экскурсій яны таксама абавязаныя выконваць абмежаванні, прадугледжаныя беларускім заканадаўствам.

Змяніліся і правілы карэкціроўкі экскурсійных праграм. Калі экскурсійнае абслугоўванне з'яўляецца часткай турыстычнага пакета або комплексам турыстычных паслуг, змяняць праграму па маршруце цяпер можна толькі па ўзгадненні з суб'ектам турыстычнай дзейнасці. Раней для гэтага патрабавалася ўзгадненне з кіраўніком.

Для гідаў-перакладчыкаў асобна прапісалі патрабаванне перакладаць тэкст экскурсіі на замежную мову або з яе без скажэння сэнсу арыгіналу.

Разам з тым з патрабаванняў выключылі пункт аб захаванні аўтарскіх і сумежных правоў распрацоўшчыкаў экскурсій. Раней экскурсаводы павінны былі не дапускаць прысваення вынікаў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама цытаваць распрацоўшчыкаў экскурсій і іншых аўтараў згодна з заканадаўствам, пазначаючы іх аўтарства. Цяпер гэтага абавязку ў пераліку няма.

Чытайце таксама:

У Нясвіжскім замку прадаюць сувенір за $2,8 тысячы

«Пачынаю разумець людзей, якія жывуць у турыстычных гарадах і не любяць заезджых». Што турыстычны бум прыносіць Гродну

Мінскага экскурсавода з найвышэйшымі адзнакамі ад турыстаў асудзілі за палітыку

Чым вабіць начная экскурсія, за якой ганяецца ўвесь Мінск

Каментары да артыкула