Грамадства33

«Пачынаю разумець людзей, якія жывуць у турыстычных гарадах і не любяць заезджых». Што турыстычны бум прыносіць Гродну

Паток турыстаў, якія наведваюць Гродна, б'е рэкорды, але выглядае, што такія змены ў штодзённым жыцці горада даспадобы не ўсім.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: сацсеткі

Апошнія некалькі гадоў Гродна перажывае сапраўдны турыстычны бум, і колькасць ахвотных наведаць горад працягвае павялічвацца.

Хоць поўнай статыстыкі па агульным турыстычным патоку няма, ёсць шэраг ускосных паказчыкаў, якія кажуць на павялічэнне колькасці турыстаў у параўнанні з 2025 годам. Дый самі гараджане адзначаюць, што турыстаў стала яшчэ больш.

Што паказваюць лічбы

Так, напрыклад, па стане на 25‑26 ліпеня хостэлы і гасцініцы Гродна былі запоўненыя, за выключэннем некалькіх люксавых нумароў. І гэта пры тым, што толькі за 2025 год у горадзе дадалося 528 новых ложка-месцаў, што складае траціну ад цяперашняга аб'ёму.

Паводле загадчыцы сектара турызму ўпраўлення эканомікі Гродзенскага гарвыканкама Веры Мурашовай, за першае паўгоддзе гэтага года колькасць пастаяльцаў у гасцініцах павялічылася амаль на 50%.

Летам у выхадныя дні ў Гродна прыязджаюць больш за 50 турыстычных аўтобусаў з арганізаванымі групамі, паведаміла чыноўніца. А сярод турыстаў, якія прыязджаюць у Гродна, усё больш тых, хто наведвае горад паўторна.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Расце попыт і на пасутачную арэнду кватэр, колькасць якіх таксама павялічваецца.

Людзі, якія здаюць кватэры на суткі, кажуць, што жыллё ў добрай лакацыі ў сезон (з красавіка па кастрычнік) можа быць забраніравана на месяц наперад.

Цэнтр не для мясцовых

Раней «Наша Ніва» пісала, што Гродна з'яўляецца лідарам па колькасці пасутачных кватэр на душу насельніцтва. І такое лідарства мае як пазітыўныя, так і негатыўныя наступствы. Па-першае, у горадзе моцна выраслі цэны на кватэры ў цэнтры. Па-другое, знайсці кватэру ў цэнтры і паблізу яго, якую здаюць на доўгі тэрмін, амаль нерэальна, бо ўласнікам значна выгадней здаваць яе на суткі.

Арэндныя стаўкі на пасутачную арэнду кватэр радуюць уласнікаў, але часам шакуюць турыстаў.

Напрыклад, калі глядзець кватэры на 15‑16 жніўня, то самыя даступныя пачынаюцца з 200 рублёў за ноч на двух чалавек з не самым сучасным рамонтам у спальных раёнах горада.

За кватэры з добрым рамонтам у цэнтры або ў блізкай да цэнтра частцы горада просяць ужо 250‑300 рублёў за суткі пры ўмове пражывання двух чалавек.

Скрыншот: kufar.by

Чалавек, які здае некалькі кватэр у Гродне, кажа, што некаторыя турысты з іншых гарадоў Беларусі нярэдка адмаўляюцца ад начоўкі праз высокі кошт.

«Калі людзі не паклапаціліся пра жытло загадзя, то вольнымі застаюцца толькі самыя дарагія варыянты. Прычым часцяком дарагія яны не таму, што з добрым рамонтам і ў файным месцы, а проста праз тое, што ўсе іншыя ўжо забраніраваныя. Таму многія вымушана прыязджаюць толькі на дзень», — кажа суразмоўца, які ўжо не першы год у гэтым бізнэсе.

Па яго словах, амаль усе турысты, якія заязджаюць да яго, — гэта расіяне, якія здымаюць жытло праз сэрвіс «Суточно.ру», беларусы ж часцей шукаюць праз «Куфар». Праўда, ім кватэры дастаюцца зрэдку, бо расіяне браніруюць іх раней, паколькі больш загадзя плануюць свае паездкі, чым беларусы.

Іншы суразмоўца пачаў здаваць кватэру на суткі толькі сёлета.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Да гэтага здавалі больш за год у доўгатэрміновую арэнду, а з вясны паспрабавалі здаваць на суткі. Атрымалася, што гэта нашмат выгадней. Нават выгадней, чым хадзіць на працу», — кажа гарадзенец, які мае двушку непадалёк ад цэнтра горада.

Музеі таксама адчуваюць наплыў

У Міністэрстве культуры заявілі, што за першае паўгоддзе 2026 года гродзенскі Стары замак прыняў на 6000 наведвальнікаў больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года.

Тое, што турыстаў сёлета прыкметна больш, чым было нават у 2025 годзе, адзначаюць і экскурсаводы. Натуральна, што асноўны рост ідзе за кошт расіян, для якіх Гродна стаў ледзь не адзінай магчымасцю адчуць сябе ў старым еўрапейскім горадзе. Маўляў, Мінск ад сябе такіх еўрапейскіх уражанняў не пакідае.

Што да іншых замежнікаў, то, па назіраннях гідаў, у Гродне ад турыстаў нярэдка можна пачуць польскую мову, але сказаць, што палякаў гэтак жа шмат, як было да кавіду і вайны, не выпадае.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Таксама сустракаюцца турысты з Літвы і Латвіі. Саміх жа машын на польскіх і літоўскіх нумарах у горадзе нямала, але гэта не заўсёды абавязкова турысты, бо за стырном могуць быць і беларусы, якія жывуць ці працуюць у гэтых краінах.

Задаволеныя не ўсе

І калі людзі, якія зарабляюць на турыстах, задаволеныя сітуацыяй, то шараговыя гараджане турыстычны бум успрымаюць інакш.

Нярэдка людзі скардзяцца на паводзіны расіян як на дарогах, так і ў цэлым.

«Большасць турыстаў едуць да нас з Расіі, машын на расійскіх нумарах шмат, і частка з іх ездзяць і паркуюцца па-хамску», — кажа гараджанін і дадае, што, нават калі проста шпацыруе па вуліцы, часцяком можна апазнаць расіян па іх паводзінах.

Суразмоўца кажа, што з аднаго боку яму прыемна, што ягоны горад цікавы турыстам, а з іншага — з'яўляецца адчуванне, што Гродна больш ужо табе не належыць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Цяпер я пачынаю разумець людзей, якія жывуць у турыстычных гарадах і не любяць турыстаў. Часам у цэнтры іх можна ўбачыць настолькі шмат, што ісці на шпацыр у гэты натоўп не хочацца», — прызнаецца гарадзенец.

Іншая жыхарка Гродна таксама адзначае, што сёлета надта шмат турыстаў прыязджае ў горад.

«У асноўным, канечне, расіяне, прычым з розных рэгіёнаў. Сёлета неяк часта трапляюцца на вока машыны з Самарскай вобласці. Раней такой колькасці машын на расійскіх нумарах не назірала», — кажа гарадзенка.

Жанчына адзначае, што праз вялікую колькасць турыстаў знайсці парковачнае месца ў цэнтры стала яшчэ складаней.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Часам стала складаней трапіць у нейкае кафэ, бо ўсё занята турыстамі. У раёне замкаў і сінагогі яны літаральна ходзяць натоўпамі. Гэта ўсё яшчэ трошкі нязвыкла і крыху няўтульна, калі хочаш проста спакойна прайсціся па горадзе», — кажа гарадзенка.

Каментары3

  • Міенск ад сябе такіх еўрапейскіх уражанняў не пакідае
    06.08.2026
    "Міенск ад сябе такіх еўрапейскіх уражанняў не пакідае."
    цікава маскоўцы а чаму ? чаму 2 старажытных месца ВКЛ так адрозніваюцца ? што здарылася ў 1944-50?
  • Белорусский совок
    06.08.2026
    Пускай обратно на веску едут коровам хвосты крутить, если им туристы даже в этом болотетне нравятся.
  • Янка
    06.08.2026
    Белорусский совок, хто наўпрост здымае вяршкі з турпатоку - тый задаволены. А хто знаходзіцца адносна далёка ад турыстычных грошаў і пераважна церпіць ад негатыўных наступстваў у выглядзе росту коштаў і падвышанага ціску на непрыстасаваную інфраструктуру - той натуральна незадаволены. Каб другая група гарадзенцаў магла б нейкім чынам уплываць на сітуацыю - можа становішча было б іншым. Пакуль няма адваротнай сувязі дзяржавы з грамадствам у выглядзе сумленных выбараў - падыходаў да вырашэння праблем у інтарэсах большасці грамадства чакаць таксама не даводзіцца.

Цяпер чытаюць

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Усе навіны →
Усе навіны

Такарчук нагаварыла амаральных брыдкасцяў у бок Ціханоўскага. Яго абурэнне можна зразумець57

У ЗША кот нарадзіўся з рэкорднай колькасцю пальцаў на лапах1

Расія моцна пашкодзіла Херсонскую ЦЭЦ. Горад можа надоўга застацца без святла і цяпла3

У гістарычным цэнтры Гродна рыхтуюць месцы пад новую забудову1

Трамп не верыць у магчымасць нападу Расіі на краіны НАТА8

Скончылі будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея8

«Камунарка» дадала ў сваю прадукцыю крыху вавёрак 8

Памерла японская мастачка, вядомая сваімі творамі ў бубачкі

Германія і яшчэ пяць багатых краін выступілі за скарачэнне бюджэту Еўрасаюза4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць