БЕЛ Ł РУС

Беларусы змогуць атрымліваць паведамленні пра штрафы праз мабільныя праграмы банкаў

21.10.2026 / 16:50

Nashaniva.com

У Беларусі грамадзяне змогуць атрымліваць дзяржаўныя паведамленні праз мабільныя праграмы банкаў. Для гэтага Нацыянальны цэнтр электронных паслуг развівае падсістэму «Е-Вестка», якую інтэгруюць з банкаўскімі інфармацыйнымі сістэмамі. Пра гэта 21 кастрычніка паведаміў начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій цэнтра Ягор Воранаў, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Праз новы сэрвіс можна будзе атрымліваць паведамленні пра розныя падзеі, якія патрабуюць увагі. Сярод іх — штрафы за парушэнне правіл дарожнага руху, заканчэнне тэрміну дзеяння дакументаў, што пацвярджаюць асобу, а таксама неабходнасць замены пасведчання кіроўцы. Разглядаецца і магчымасць паведамляць такім чынам пра маёмасны падатак.

Цяпер Нацыянальны цэнтр электронных паслуг разам з банкаўскай супольнасцю і пад эгідай Нацыянальнага банка Беларусі працуе над інтэграцыяй «Е-Весткі» з банкаўскімі сістэмамі і мабільнымі праграмамі.

Карыстальнікам не давядзецца самастойна заходзіць у розныя асабістыя кабінеты, каб правяраць, ці ёсць у іх дзяржаўныя паведамленні. Push-апавяшчэнне ў банкаўскай праграме паведаміць пра наяўнасць новага паведамлення ў «Е-Вестцы».

Калі чалавек раней не актываваў асабісты кабінет у гэтым сэрвісе, ён зможа зрабіць гэта праз мабільную праграму банка. Пасля гэтага карыстальнік атрымае доступ да спісу сваіх паведамленняў і зможа адразу перайсці да іх аплаты, калі яна прадугледжаная.

Акрамя таго, у межах развіцця «Е-Весткі» плануюць падключыць дзесяць праактыўных сэрвісаў, якія будуць самастойна інфармаваць грамадзян пра важныя падзеі, напрыклад пра заканчэнне тэрміну дзеяння дакументаў або неабходнасць замены пасведчання кіроўцы.

Чытайце таксама:

Белаграпрамбанк абнавіў свой інтэрнэт-банкінг

Збой Google Cloud праз праблему ў дата-цэнтры ў Лондане парушыў працу сэрвісаў па ўсёй Еўропе

У Беларусі распрацоўваюць сэрвіс для заключэння дамоў анлайн

Каментары да артыкула