Мінчук паказаў, як разам з суседзямі прывёў у парадак пад’езд
Колькі ж патрацілі?
Дзмітрый распавёў у Threads, што некалькі гадоў не быў у Мінску. А калі прыехаў да бацькоў, вельмі ўразіўся домам: «Пад’езд выглядаў як уваход у свінарнік. І гэта ў цэнтры горада, пасля капрамонту».
Разам з суседзямі мужчына навёў парадак у пад’ездзе. Яны набылі фарбу, зрабілі металічную таблічку па сваім макеце, замянілі непрыгожыя налепкі, адмылі парапет і дзверы ад грыбку і падцёкаў.
Каштавала гэта агулам 70 даляраў. Цікава, што большую частку сумы — 40 даляраў — каштавала стылёвая шыльдачка з алюмінію (замаўляў яе мужчына ў Швецыі — прыйшла праз тыдзень).
Першапачаткова Дзмітрый думаў прыклеіць новую шыльду паверх старой на вадкія цвікі, але спужаўся, што ўзімку яна можа ўпасці. А свідраваць самастойна не адважыўся. Пайшоў у ЖЭС узгадняць змены, але там людзям было ўсё роўна: «Цётка ўнутры: «Нічога ўзгадняць не трэба. Прыносьце хоць касмічны карабель, усё павесім». Павесіў шыльдачку майстар ужо праз гадзіну.
За дзень галінка набрала больш за 100 тысяч праглядаў і 3,5 тысяч падабаек. А ў каментарах высветлілася, што напраўду шмат хто з беларусаў не чакае цудаў ад ЖЭСа і робіць рамонт у пад’ездах самастойна.
Адзін з каментатараў палічыў допіс за знак, што і яму надышоў час заняцца прывядзеннем у парадак пад’езду.
Нехта жартаваў, што ЖЭС аналагічныя працы ацаніў бы на 7 тысяч даляраў. Але шмат хто і абураўся тым, што людзі вымушаны рабіць тое, на што рэгулярна пералічваюць грошы.