БЕЛ Ł РУС

Двое грамадзян Беларусі могуць быць датычныя да дыверсіі на абаронным заводзе ў Румыніі

26.10.2026 / 22:22

Nashaniva.com

Румынскія праваахоўныя органы расследуюць магчымую датычнасць двух грамадзян Беларусі і аднаго грамадзяніна Украіны да пажару на прамысловым аб’екце ў горадзе Брашоў. Паводле версіі следства, яны могуць уваходзіць у дыверсійную сетку, якая планавала акцыі ў Румыніі і іншых краінах Еўрасаюза.

Як паведамляе Румынскае ўпраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму (DIICOT), пажар адбыўся ў верасні 2026 года каля прадпрыемства CARFIL SA, якое ўваходзіць у склад дзяржаўнай кампаніі CN ROMARM. За дзейнасцю падазраваных сачылі супрацоўнікі DIICOT і ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю пры падтрымцы Румынскай службы інфармацыі (SRI).

Двух фігурантаў знайшлі і ўзялі пад варту ў Германіі. Паводле інфармацыі румынскіх уладаў, яны рыхтавалі падобныя дзеянні. Грамадзянства затрыманых у паведамленні не ўдакладняецца.

26 кастрычніка быў выдадзены трэці еўрапейскі ордар на арышт — у дачыненні да абвінавачанага, якога знайшлі ў Польшчы. Ці быў ён затрыманы, румынскія ўлады не паведамляюць.

Паводле версіі следства, фігуранты таксама планавалі акцыі супраць іншых аб’ектаў у Румыніі і іншых краінах Еўрасаюза. Расследаванне вядзецца па факце падрыхтоўкі дыверсійных актаў. Румынскія ўлады прымаюць меры, каб перадаць падазраваных сваёй краіне.

DIICOT, Міністэрства ўнутраных спраў Румыніі і SRI працягваюць высвятляць, хто яшчэ мог быць датычны да справы, а таксама ацэньваюць магчымыя пагрозы для стратэгічных аб’ектаў. Імёны фігурантаў, меркаваных арганізатараў сеткі і магчымых заказчыкаў у афіцыйным паведамленні не называюцца.

Чытайце таксама:

Румынія зноў перастала выдаваць візы беларусам. Трэці раз за год

Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння»

Турцыя прапанавала Расіі і Украіне развесці судны ў Чорным моры

Каля ўзбярэжжа Балгарыі дроны атакавалі два гандлёвыя судны, адно затанула

Каментары да артыкула