БЕЛ Ł РУС

У Бялградзе каля ізраільскага пасольства падлетак-ісламіст напаў з нажом на жандара. Яго застрэлілі

28.10.2026 / 16:21

Nashaniva.com

У ноч на 28 кастрычніка ў Бялградзе адбыўся напад на супрацоўніка жандармерыі, які ахоўваў пасольства Ізраіля ў Сербіі, піша Deutsche Welle. Нападніка, непаўналетняга юнака, застрэлілі. Паводле інфармацыі сербскага грамадскага вяшчальніка RTS, ён быў прыхільнікам тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».

Фота: AP Photo/Darko Vojinovic

Як паведаміў віцэ-прэм'ер Сербіі і выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Івіца Дачыч, юнак, выкрыкваючы «Алах акбар», напаў на жандара з двума нажамі. Супрацоўнік паліцыі застрэліў яго ў парадку самаабароны. Сам жандар атрымаў лёгкія раненні.

Па словах Дачыча, спецслужбы сачылі за падазраваным. У сваім профілі ў Instagram той публікаваў чорны сцяг і сімволіку «Ісламскай дзяржавы». Мяркуецца, што юнак быў родам з горада Шабац на захадзе Сербіі.

Пасля нападу ўлады павысілі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы да найвышэйшага, чырвонага. Па ўсёй краіне ўзмацнілі прысутнасць паліцыі, асабліва каля аб'ектаў інфраструктуры і ў месцах масавага збору людзей.

Дзяжурны пракурор пракуратуры Бялграда агледзеў месца здарэння і прыйшоў да высновы, што выкарыстанне службовай агнястрэльнай зброі было апраўданым. Расследаванне для высвятлення ўсіх абставін інцыдэнту працягваецца.

Чытайце таксама:

Абноўленыя экзітполы пасля выбараў у Ізраілі: пераможцы няма, апазіцыйны блок Айзенкота ідзе нароўні з Нетаньяху

Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны

Ізраіль пачаў маштабную ваенную аперацыю на Заходнім беразе

Каментары да артыкула