БЕЛ Ł РУС

У Гродне вынеслі прысуд за махлярства з турыстычнымі пуцёўкамі. Адзін з фігурантаў нядаўна трапіў у любоўны скандал

28.10.2026 / 18:08

Nashaniva.com

У Гродне вынеслі прысуд па справе аб махлярстве з турыстычнымі пуцёўкамі. Ахвярамі злачыннай схемы, як паведамляецца, сталі 45 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.

Фота: Grodnonews.by

З чэрвеня 2025 года па люты 2026 года двое мужчын ва ўзросце 37 і 38 гадоў, дзейнічаючы паводле папярэдняй змовы, прадавалі фіктыўныя туры праз Instagram, Telegram і Viber. У перапісцы з патэнцыйнымі кліентамі яны пераконвалі людзей унесці перадаплату за браніраванне, пасля чаго забіралі грошы сабе. Сродкі пераводзілі на падкантрольныя рахункі, а частку здымалі ў банкаматах Гродна.

Ад дзеянняў махляроў пацярпелі 45 чалавек ва ўзросце ад 22 да 62 гадоў. Агульная сума шкоды перавысіла 150 тысяч рублёў. Атрыманыя грошы абвінавачаныя трацілі на ўласныя патрэбы.

Падчас следства абодва мужчыны цалкам прызналі віну, раскаяліся і добраахвотна кампенсавалі пацярпелым шкоду, а таксама выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам.

Суд прызначыў 37‑гадоваму абвінавачанаму чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Меру стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва змянілі на ўтрыманне пад вартай. Мужчыну затрымалі непасрэдна ў зале суда.

Яго 38‑гадовага саўдзельніка асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання.

Адзін з мужчын, якому вынесены прысуд — гэта Ігар Паўлечка, пра любоўны скандал з удзелам якога мы пісалі днямі. Мяркуючы на ўзросце, хутчэй за ўсё, менавіта яму прысудзілі чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Чытайце таксама:

Што за любоўны скандал паміж Кацярынай, Ігарам і Карынай абмяркоўвае ўсё Гродна?

Махляры праўдападобна разводзяць беларусаў — патрабуюць заплаціць падаткі

Расіянка дала беларусу грошы, а той адмовіўся аддаваць — жанаты мінчанін пераехаў да яе жыць і выдаваў сябе за бізнэсмена

Каментары да артыкула