Расіянка дала беларусу грошы, а той адмовіўся аддаваць — жанаты мінчанін пераехаў да яе жыць і выдаваў сябе за бізнэсмена
Паводле МУС, 50‑гадовы мужчына жыў за кошт яшчэ адной жанчыны — ёй ён прадстаўляўся супрацоўнікам спецслужбаў. Яго затрымалі і цяпер шукаюць іншых магчымых пацярпелых.

У Мінску затрымалі 50‑гадовага мужчыну, якога падазраюць у махлярстве. Паводле МУС, ён прадстаўляўся расіянцы ўладальнікам некалькіх фірмаў і прасіў дапамагчы з праблемамі ў бізнэсе. Калі прыйшоў час вяртаць грошы, пачаў палохаць яе зброяй і сувязямі са злачыннай групоўкай.
Як паведамляе МУС, мужчына пазнаёміўся з 49‑гадовай жыхаркай Волагды ў сацсетках у снежні 2024 года.
Пазней мінчанін пераехаў да новай знаёмай, хоць быў жанаты. Ён расказваў пра свае фірмы ў беларускай сталіцы і фінансавыя цяжкасці. Жанчына перадала яму грошы — у пераліку каля 86 тысяч беларускіх рублёў. Паводле вуснай дамоўленасці, ён мусіў вярнуць іх на працягу года.
Аднак мужчына вярнуўся ў Мінск, спыніў рамантычныя адносіны і грошай не аддаў. Паводле МУС, на патрабаванні вярнуць пазыку адказваў пагрозамі: сцвярджаў, што мае агнястрэльную зброю і ўваходзіць у арганізаваную злачынную групу.
Паводле міліцыі, затрыманы амаль 20 гадоў нідзе афіцыйна не працаваў і не меў пастаяннага даходу. Таксама высветлілася, што ён жыў за кошт яшчэ адной жанчыны — той прадстаўляўся супрацоўнікам спецслужбаў.
Распачатая крымінальная справа аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Паводле МУС, мужчыну пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Міліцыя шукае іншых магчымых пацярпелых.
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары