БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз ужо не гаворыць пра «асацыяванае членства» Канады

29.10.2026 / 16:57

Nashaniva.com

Еўрасаюз выключыў згадкі пра «асацыяванае членства» з апошняй версіі праекта сумеснай дэкларацыі, якую плануецца прыняць па выніках саміту ЕС — Канада ў Манрэалі ў чацвер і пятніцу, 29—30 кастрычніка, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

У абноўленым дакуменце, разасланым краінам-членам у сераду, ранейшую фармулёўку замянілі на «яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва» паміж ЕС і Канадай. Змена адбылася на патрабаванне Германіі, якая выступіла супраць ідэі асацыяванага членства, якое не прадугледжанае статутнымі дакументамі ЕС.

Апошнімі днямі апарат старшыні Еўрапейскай рады Антоніу Кошты праводзіў напружаныя кансультацыі з краінамі ЕС, найперш з Германіяй, якая настойвала на змене фармулёўкі ў палітычнай дэкларацыі.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен прапанавала разгледзець магчымасць асацыяванага членства Канады ў сваім штогадовым звароце «Аб становішчы Саюза» да Еўрапарламента ў мінулым месяцы. Яна запрасіла Канаду стаць першай краінай з такім статусам.

Першапачатковы праект дэкларацыі разаслалі дзяржавам-членам у аўторак. Дакумент разглядаўся паводле працэдуры, пры якой ён лічыцца прынятым, калі ніводная краіна не выказвае прамых пярэчанняў. Але супраць першапачатковай версіі выступілі Германія, Францыя, Італія і Грэцыя.

Найбольш рашуча супраць тэрміна «асацыяванае членства» выступіла Германія, хоць раней канцлер Фрыдрых Мерц сам прапаноўваў надаць падобны статус Украіне, каб гарантаваць Кіеву гарантыі бяспекі да яе паўнавартаснага ўступлення ў ЕС.

Берлін лічыць, што спачатку неабходна вызначыць, што канкрэтна будзе азначаць больш цеснае супрацоўніцтва з Канадай.

На думку нямецкага боку, не варта падганяць пакет дамоўленасцяў пад тэрмін, якога няма ў дамовах ЕС і выкарыстанне якога можа мець сур’ёзныя юрыдычныя наступствы.

Прэм’ер-міністр Канады Марк Карні аддае перавагу фармулёўцы «альянс дзеля будучыні». Ён заяўляе, што хоча засяродзіцца на змесце дамоўленасцяў, а выбар тэрміналогіі пакідае на меркаванне Еўрасаюза.

Апошнюю версію дэкларацыі зноў разаслалі краінам-членам для ўзгаднення паводле той жа працэдуры. Дакумент будзе лічыцца прынятым, калі дзяржавы ЕС не выкажуць пярэчанняў да другой паловы дня ў чацвер.

Чытайце таксама:

ЕС і Канада ствараюць новы альянс з удзелам іншых краін, але без ЗША, Кітая і Расіі

Мерц заявіў пра завяршэнне «эры безумоўнага трансатлантычнага сяброўства»

Прэм'ер Канады прывітаў збліжэнне з Еўрасаюзам, але акрэсліў межы членства

Трамп прыгразіў спыніць гандаль з ЕС у выпадку далучэння да блока Канады

Канада можа стаць першым асацыяваным членам Еўрасаюза

Каментары да артыкула