БЕЛ Ł РУС

Урад ускладніў выплату заробкаў пад выглядам розных кампенсацый

30.10.2026 / 22:15

Nashaniva.com

З 1 студзеня 2027 года ў Беларусі зменіцца пералік выплат, на якія не налічваюцца ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Змены закліканыя наблізіць правілы налічэння ўнёскаў у ФСАН да правіл выплаты падаходнага падатку.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: sb.by

У прыватнасці, унёскі не будуць налічвацца на дапамогу пры выхадзе на пенсію ў межах трох сярэднямесячных заробкаў работніка. Калі выплата будзе большай, унёскі давядзецца налічыць на суму перавышэння.

Для кампенсацый за выкарыстанне ў працоўных мэтах асабістых аўтамабіляў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў таксама ўводзіцца абмежаванне. Ад унёскаў вызваляць суму ў межах двух мінімальных заробкаў на аднаго работніка ў месяц. На частку кампенсацыі, якая перавышае гэты ліміт, унёскі будуць налічвацца. Гэтая мера павінна прадухіліць выпадкі, калі пад выглядам кампенсацый фактычна выплачваецца заробак.

У пералік выплат, якія не абкладаюцца ўнёскамі, таксама ўключаць сувенірную і памятную прадукцыю ў памеры, вызначаным Падатковым кодэксам. У 2026 годзе гэты ліміт складае 259 рублёў ад кожнай крыніцы на працягу падатковага перыяду.

Акрамя таго, пастанова замацоўвае, што страхавыя ўнёскі не налічваюцца на выдаткі працадаўцаў, звязаныя з правядзеннем мерапрыемстваў ідэалагічнай накіраванасці. Да іх адносяцца, напрыклад, удзел работнікаў у афіцыйных урачыстасцях з нагоды дзяржаўных святаў і памятных дат, тэматычных і дабрачынных акцыях, а таксама набыццё кветак, сувеніраў і дзяржаўнай сімволікі. У гэтую катэгорыю ўваходзяць і выдаткі на дастаўку работнікаў да месца правядзення такіх мерапрыемстваў.

Пастанова набудзе моц 1 студзеня 2027 года.

Чытайце таксама:

Дэпутаты прынялі закон аб бюджэце на 2027 год у першым чытанні

Нацбанк расказаў, колькі трэба адкладаць з заробку

У Беларусі могуць павялічыць мінімальную суму аліментаў

Бюджэтнікам у 2027 годзе падымуць заробкі

Каментары да артыкула