БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Фінляндыі расказаў, якія пасланні ад Украіны перадаў Пуціну падчас размовы з ім

31.10.2026 / 23:41

Nashaniva.com

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб расказаў, якія два пасланні ад украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага ён перадаў Уладзіміру Пуціну падчас тэлефоннай размовы 27 кастрычніка, піша «Еўрапейская праўда».

Аляксандр Стуб. Фота: AP Photo / Thomas Padilla

У інтэрв’ю фінскай тэлекампаніі Yle Стуб паведаміў, што па просьбе Зяленскага данёс да Пуціна гатоўнасць Украіны правесці двухбаковую сустрэчу з Расіяй на ўзроўні лідараў, а таксама прапановы Кіева па мерах дээскалацыі. Па словах фінскага прэзідэнта, Зяленскі хацеў бы асабіста сустрэцца з Пуціным, каб абмеркаваць, у прыватнасці, тэрытарыяльныя пытанні і бяспеку.

Другое пасланне тычылася магчымых крокаў для зніжэння напружанасці і дасягнення перамір’я ў асобных сферах. Гаворка ішла пра энергетыку і энергетычныя аб’екты, харчовую бяспеку, абмен ваеннапалоннымі і інфраструктуру ў цэлым.

Падчас размовы Стуб і прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ таксама змаглі распытаць Пуціна пра падрыхтоўку Расіі да трохбаковых перамоў у Абу-Дабі. Стуб назваў гэтую частку гутаркі карыснай.

На пытанне, ці наблізіла размова з Пуціным мір, фінскі прэзідэнт адказаў, што яе варта разглядаць хутчэй як крок да ўсталявання даверу. Паводле яго слоў, адступлення назад не адбылося, але і казаць пра значны прагрэс пакуль рана.

Стуб таксама заявіў, што аднаўленне кантактаў Фінляндыі з Расіяй будзе адбывацца паступова. Пры гэтым адносіны паміж дзвюма краінамі ў будучыні ўжо не будуць такімі, якімі яны былі раней.

Акрамя таго, Фінляндыя і Нарвегія паведамілі Пуціну, што не ўхваляюць дзейнасць расійскага «ценявога флоту» ў Балтыйскім моры.

Каментуючы публікацыю Financial Times, у якой сцвярджалася, што падчас тэлефоннай размовы Пуцін амаль увесь час расказваў прэзідэнтам Фінляндыі і Нарвегіі пра «гістарычныя першапрычыны канфлікту» з Украінай, Аляксандр Стуб абверг гэтую інфармацыю.

«Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Гэта непраўдзівая інфармацыя», — заявіў фінскі прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Пуцін выклаў уласны погляд на падзеі пасля 2014 года, у тым ліку анексію Крыма і вайну на ўсходзе Украіны. Акрамя таго, расійскі кіраўнік расказаў пра сваю версію Стамбульскіх перамоў, якія адбыліся ў пачатку сакавіка 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Тэлефонная размова паміж прэзідэнтам Фінляндыі, кіраўніком урада Нарвегіі і Уладзімірам Пуціным адбылася 27 кастрычніка па ініцыятыве двух еўрапейскіх лідараў. Раней Стуб ахарактарызаваў яе як адкрытую і дзелавую. Зяленскі пасля размовы паведаміў, што Стуб і Сцёрэ выразна заявілі Пуціну пра неабходнасць рэальных крокаў для дээскалацыі, у тым ліку ў дачыненні да ўкраінскай энергетыкі і інфраструктуры. На наступны дзень украінскі прэзідэнт сказаў, што ў яго склалася ўражанне, быццам Расія сур’ёзна настроеная на сустрэчу перамоўных груп у Абу-Дабі.

Чытайце таксама:

Стуб і Сцёрэ даведаліся ад Пуціна, што ён хоча ўвесь Данбас

Прэм'ер Швецыі таксама не разумее, навошта Стуб і Сцёрэ званілі Пуціну

«Не разумею, чаго яны хочуць дамагчыся». Прэм'ер-міністр Даніі раскрытыкавала Фінляндыю і Нарвегію за званок Пуціну

Названыя пяць кандыдатаў ад ЕС для перамоваў з Расіяй

Каментары да артыкула