Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй
«Калі жанчыны ў белым выйшлі на вуліцы, я бачыла, як суддзі-жанчыны плакалі. Яны яшчэ не былі так замазаныя: не ездзілі на Акрэсціна караць затрыманых», — расказвае ў інтэрв'ю «Нашай Ніве» адвакатка Алена Шынкарэвіч.
Алена Шынкарэвіч. Фота тут і далей: «Наша Ніва»
Кніга «Адвакацкія гісторыі. Хроніка прававога дэфолту ў Беларусі» — гэта 39 аповедаў пра суды, следства, адвакатаў і людзей, якіх яны спрабавалі абараніць. Яе ўкладальніца Алена Шынкарэвіч гаворыць адкрыта і шмат усміхаецца. Часам нават тады, калі гісторыя зусім не смешная. Магчыма, гэта і ёсць той прафесійны гумар, якім адвакаты ратаваліся, калі закон перастаў ратаваць іх кліентаў.
Да 2020 года Алена працавала пераважна з бізнэсам. Пасля выбараў каля 90% яе практыкі ўжо складалі палітычныя адміністрацыйныя справы. У сакавіку 2021‑га адвакатку пазбавілі ліцэнзіі нібыта праз «недастатковую кваліфікацыю». Яшчэ праз паўтара года яна была вымушаная пакінуць Беларусь.
Мы пагаварылі пра дамову з адвакатам, якая ператварылася ў доказ віны, пра міліцыянта-сведку, якога паміж двума пасяджэннямі замянілі іншым чалавекам нібыта «так і было», і пра суддзяў, якія ў жніўні 2020‑га плакалі, а пасля каралі пратэстаўцаў ад імя дзяржавы. А яшчэ — пра маленькія перамогі і пра тое, навошта чалавеку абаронца, калі суд ужо не з'яўляецца судом.
«Я схадзіла на адзін працэс — і раптам стала эксперткай»
«Наша Ніва»: Алена, да 2020 года вы пераважна працавалі з бізнэсам у Вілейскім раёне і не займаліся палітычнымі справамі. Як у вашай практыцы з’явіліся выбарчыя камісіі, назіральнікі і затрыманыя ўдзельнікі пратэстаў?
Алена Шынкарэвіч: Палітыкай я цікавілася заўсёды, яшчэ ў студэнцкія гады ўдзельнічала ў некаторых пратэстах. Дома таксама была даволі апазіцыйная атмасфера. У маі 2020 года ўжо адчувалася, што сітуацыя саспела.
У пэўным сэнсе мяне натхніў адвакат Сяргей Зікрацкі. Ён напісаў, што гатовы бясплатна дапамагаць людзям, якія вылучаюцца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Асабіста мы тады не былі знаёмыя, таму я напісала ў агульнай групе Мінскай абласной калегіі адвакатаў: калі тут ёсць Сяргей, дадайце і мяне, я таксама гатовая дапамагаць.
Мне было няёмка: людзей шмат, хто я такая? Але высветлілася, што я была першай, хто публічна ў групе прапанаваў далучыцца да гэтай справы. Кіраўніцтва адразу спытала: «Навошта ты гэта так дэманстратыўна робіш?» Я адказала: калі б хацела дэманстрацыі, напісала б у сацсетках або пайшла да журналістаў. А гэта прафесійная адвакацкая група.
Спачатку мы абскарджвалі рашэнні аб фарміраванні выбарчых камісій. Гэтыя справы былі фактычна безнадзейныя, але я пазнаёмілася з мноствам цікавых і ініцыятыўных людзей. Памятаю, як у судзе Фрунзенскага раёна не хацелі прымаць скаргу: яе падпісаў адзін з вылучэнцаў, а суд патрабаваў подпісы ўсіх. Сабраць іх было амаль немагчыма. Суддзя запрасіў мяне ў кабінет, выслухаў аргументы і пагадзіўся прыняць дакументы. Я была неймаверна здзіўленая і падумала, што перамагла. Праз месяц скаргу ўсё адно вярнулі.
Такім часта быў увесь наступны год: здавалася, што ты разбіў шкляную сцяну, але цябе зноў адкідвала назад.
Яшчэ да 9 жніўня затрымалі назіральніка, якога я абараняла. Потым яго затрымлівалі ўжо падчас пратэстаў, і ўрэшце ўся яго сям'я стала маімі кліентамі. З кліентамі таго часу ўтварылася асаблівая сувязь — з многімі мы дагэтуль падтрымліваем кантакт.
Першая палітычная адміністрацыйная справа была для мяне шокам. А потым пачаліся масавыя затрыманні, і ўжо іншыя адвакаты тэлефанавалі мне па параду. Я схадзіла на адзін такі працэс — і раптам стала эксперткай. Насамрэч міліцыя не выяўляла асаблівай творчасці: парушэнні, пратаколы і паводзіны ўсюды былі прыкладна аднолькавыя.
Са жніўня каля 90% маіх спраў былі палітычнымі адміністрацыйнымі працэсамі. Ад крымінальных я спачатку трымалася далей, бо не мела такога досведу. Але пасля Новага года знайсці адваката на крымінальную справу станавілася ўсё цяжэй. Я ўжо думала ўзяць адну разам з больш дасведчаным калегам. І тут атрымала паведамленне пра пазачарговую атэстацыю. Стала зразумела, што мяне выкідаюць з прафесіі.
«НН»: Вы раней казалі, што яшчэ да выбараў адвакаты абмяркоўвалі: «Мы рызыкуем ліцэнзіямі. Гатовыя мы ці не?» Адвакатура была гатовая да таго, што адбылося?
АШ: Цікава, што яшчэ да выбараў унутры прафесіі пачало нараджацца адчуванне ўласнай годнасці. Раней канферэнцыі і выбары ў органах калегіі выглядалі хутчэй фармальнасцю. А ў пачатку 2020 года адвакаты ўжо выходзілі да мікрафона, крытыкавалі кіраўніцтва, прапаноўвалі змены, абураліся, што дзяржаўныя органы ігнаруюць адвакацкія запыты.
Падчас кавіду [старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў] Віктар Чайчыц прапанаваў будаваць «Палац адвакатуры»: маўляў, такі будынак дадасць прафесіі павагі. І тут адвакаты даволі дружна адказалі: можа, перш чым будаваць палац, варта дамагчыся, каб мы мелі нармальныя правы і маглі выконваць сваю працу? Палац і павага — усё ж розныя рэчы.
Гэта было падобна да таго, што адбывалася ва ўсім беларускім грамадстве: людзі пачыналі адчуваць сябе не шрубкамі, а супольнасцю, здольнай нешта патрабаваць.
«НН»: Калі б вы ведалі, чым усё скончыцца, усё роўна напісалі б тое паведамленне да Зікрацкага?
АШ: Так. Я звычайна добра ўсведамляю наступствы сваіх рашэнняў. Яшчэ ў ліпені 2020‑га мы сядзелі ў двары з братам і яго жонкай. Тады праходзілі першыя дазволеныя мітынгі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Я сказала ім: «Вы ж разумееце: або мы пераможам, або нас закатаюць у асфальт і нам давядзецца з’ехаць».
Не тое каб я хацела з’язджаць. Проста бываюць сітуацыі, калі ў чалавека з пэўнымі каштоўнасцямі не застаецца выбару. Магчыма, у маі ён у мяне яшчэ быў, але пасля жнівеньскага гвалту — ужо не. Калі права і закон складаюць сэнс тваёй прафесіі, ты не можаш заплюшчыць вочы і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца.
«НН»: Як мяняліся настроі сярод адвакатаў пасля жніўня?
АШ: Спачатку гвалт узрушыў амаль усіх. Многія смела бралі справы, дапамагалі бясплатна, разам абмяркоўвалі, як рэагаваць.
12 жніўня мы невялікай групай пайшлі да Чайчыца. Перад выбарамі ён заклікаў адвакатаў дапамагаць міліцыі, а ў той момант медыкі, псіхолагі і валанцёры ўжо прапаноўвалі дапамогу ахвярам міліцэйскага гвалту. Мы сказалі: адвакатура павінна быць першай, хто стане на бок людзей.
Мы запатрабавалі публічнай заявы і папярэдзілі: калі яе не будзе, паспрабуем склікаць канферэнцыю адвакатаў. Тады ўлада яшчэ сама не разумела, наколькі трывала стаіць на нагах, таму нас пачулі. Чайчыц апублікаваў зварот і нават заявіў, што асабіста гатовы заняцца выпадкамі сэксуальнага гвалту. Праўда, перад гэтым даводзіў нам, што ніякіх пацярпелых няма і ўсё гэта чуткі. Цяжка ўявіць, каб чалавек, які па ўсіх каналах падтрымліваў уладу, сапраўды выклікаў давер у ахвяры сілавікоў. Але тады кіраўніцтва яшчэ ўдавалася крыху прыціскаць да сцяны.
Тады было страшна ўсім, у тым ліку прадстаўнікам улады. Нейкі час мы яшчэ маглі на іх уплываць. Але бліжэй да 2021 года сістэма зразумела, што ёй ужо нічога не пагражае, — і зачыстка адвакатуры пайшла напоўніцу.
У нашай групе, як пазней высветлілася, быў чалавек, які перадаваў інфармацыю адміністрацыі калегіі — Валяр'ян Данілаў. Ён расказаў нам гісторыю пра старшыню адвакацкай арганізацыі ў іншай краіне: той прыкаваў сябе кайданкамі да дзвярэй ізалятара, патрабуючы дапусціць адвакатаў да збітых людзей. Калі мы прывялі гэты прыклад Чайчыцу, Данілаў адразу пачаў адмаўляцца ад уласных слоў: маўляў, гэта зусім не значыць, што нам трэба рабіць тое самае.
Паступова страх станавіўся мацней. Адвакаты разумелі: калі ты трыццаць гадоў займаўся крымінальным правам, іншай працы можаш не знайсці. Некаторыя станавіліся асцярожнейшымі. Але ў выніку вычышчалі нават тых, хто маўчаў і стараўся не вытыркацца.
Дамова з адвакатам як доказ намеру пратэставаць
«НН»: У кнізе вы расказваеце пра справу Паўла Манько. Ён загадзя заключыў з вамі дамову на выпадак затрымання, а суд палічыў гэта доказам таго, што ён збіраўся ўдзельнічаць у пратэсце. Чаму вы выбралі менавіта гэтую гісторыю?
АШ: Гэта гісторыя атрымала вялікі розгалас і вельмі дакладна паказала абсурднасць сістэмы. Мала таго што суддзя зрабіла такую выснову, ёй яшчэ хапіла розуму запісаць яе ў пастанове.
Сам Павел апублікаваў пастанову. Але потым нам ставілі ў віну, нібыта гэта адвакаты пасварыліся з суддзямі. Праз паўгода Віктар Чайчыц казаў на сходзе: маўляў, вы так зганьбілі суддзяў, што яны пасля не давалі вам знаёміцца са справамі, вы самі паставілі сябе супраць суда.
Гэтая гісторыя балюча ўдарыла па ўсёй адвакатуры. Нават рэспубліканская калегія тады стала на наш бок, бо было зразумела: калі дамова з адвакатам — доказ віны, ні пра якую адвакатуру больш гаварыць немагчыма.
«НН»: Што яшчэ было абсурднага ў гэтай справе?
АШ: Яна некалькі разоў вярталася на дапрацоўку. Былі нестыкоўкі ў часе. Калі падчас чарговага разгляду я спытала ў міліцыянта, адкуль ён даведаўся, на які час трэба змяніць паказанні, той шчыра адказаў: «З матэрыялаў справы». Сведка прызнаў, што азнаёміўся са справай і пасля гэтага скарэктаваў паказанні. Суддзю гэта зусім не збянтэжыла — пастанова засталася ў сіле.
Але мы ўсё ж часам перамагалі. Мне ўдалося ўратаваць некалькіх чалавек ад арышту. Калі з умоўнай сотні спраў дзесяць чалавек не атрымалі суткі — гэта ўжо было шчасце.
Але вельмі балюча, калі ты рыхтуешся, вывучаеш матэрыялы, знаходзіш тысячу парушэнняў, бо гэта і ёсць твая прафесія, а ў выніку нічога не мае значэння. Што б ты ні зрабіў, рашэнне ўжо вызначанае загадзя.
«НН»: У кнізе ёсць гісторыі пра сумнеўныя доказы і суддзяў, якія ігнаравалі відавочныя супярэчнасці. Што з такога бачылі вы самі?
АШ: У адной раённай справе чалавек відавочна не ўдзельнічаў у пратэсце. Ён забіраў з рамонту тэлефон, меў квітанцыю, а пасля паехаў да брата, які жыў у цэнтры. Там яго і затрымалі.
На першае пасяджэнне прыйшоў міліцыянт і даваў паказанні, якія відавочна не адпавядалі матэрыялам. Апеляцыя адмяніла рашэнне і вярнула справу.
На новы разгляд у якасці таго самага сведкі прыйшоў ужо іншы чалавек. Я кажу: «Высокі суд, я была і на першым пасяджэнні, і цяпер. Перад намі іншы чалавек. Як гэта растлумачыць?» Мне адказваюць: «А як вы можаце даказаць, што гэта іншы чалавек?»
Была і іншая справа. Я знаёмілася з матэрыяламі і заўважыла, што ў іх няма пратакола судовага пасяджэння. Гэта безумоўная падстава для адмены рашэння. Я спецыяльна напісала на вокладцы: з матэрыяламі азнаёмленая, у справе столькі старонак, пратакол адсутнічае.
Прыходжу на апеляцыю, а суддзя Чарапанава на сваіх асляпляльных шпільках кажа: «Дык вось жа пратакол!» Я нагадваю, што падчас азнаямлення яго не было і менавіта таму зрабіла запіс. А яна адказвае: «Вы спецыяльна так напісалі. Даказаць адваротнае не можаце». Яна глядзела мне ў вочы і разумела, што хлусіць.
У той час увялі забарону на фатаграфаванне дакументаў. Але я сфатаграфавала. Мы тады прыдумлялі розныя метады і здымалі справы на відэа. Але прызнацца азначала паведаміць, што я парушыла забарону суддзі на фатаграфаванне. Гэта ўжо магло стаць падставай для пазбаўлення ліцэнзіі.
«НН»: Якія парушэнні найбольш дакладна паказвалі на прававы дэфолт?
АШ: Найперш — аднолькавыя пратаколы. У адзін дзень я магла абараняць двух-трох чалавек і бачыла: тэкст скапіяваны, заменена толькі прозвішча, часам нават час затрымання заставаўся ранейшы. А ў суддзі за дзень было дзесяць такіх спраў. Ён не мог не заўважаць, што гэта канвеер і што перад ім хлусяць.
Другое — тое, як суддзі прыніжаліся перад міліцыяй. Часам адвакатам удавалася трапіць у РУУС і пачуць, як супрацоўнікі гавораць пра суд: «Што скажам, тое яны і зробяць». І сапраўды рабілі. Калі ў пяты ці дзясяты раз з РУУС прыходзіў адказ, што камеры відэаназірання акурат у патрэбны момант не працавалі, суддзя рабіў выгляд, што нічога дзіўнага не адбываецца.
І, вядома, суды на Акрэсціна. Суддзі бачылі перад сабой збітых, скалечаных людзей — і ўсё адно выпісвалі ім суткі. Для мяне гэта было не толькі жорстка, але і прыніжальна для самой прафесіі.
Але прававы дэфолт пачаўся не ў 2020. Такое здаралася і да 2020 года, асабліва калі ты судзіўся з дзяржавай. Але пасля 2020‑га яны адчувалі сябе ўсё больш спакойна.
«НН»: Як паводзілі сябе суддзі?
АШ: Усё вельмі залежала ад чалавека. Былі тыя, хто рабіў, бо «трэба».
А былі суддзі, якія відавочна атрымлівалі задавальненне і дэманстравалі: ты ніхто. Памятаю сакратароў, якія бегалі па судзе, выціралі пот і крычалі: «Як надакучылі гэтыя бэчэбэшнікі!» Некаторыя суддзі шчыра ненавідзелі затрыманых і не надта гэта хавалі.
Іншыя адчувалі сябе няёмка, але ўсё роўна выконвалі загад. Гэта вынік доўгай дрэсіроўкі: суддзяў, як і міліцыю, гадамі прывучалі прымаць тыя рашэнні, якіх ад іх чакаюць.
13 жніўня 2020 года я была ў Эканамічным судзе Мінска, калі жанчыны ў белым выйшлі на вуліцы. Я бачыла, як суддзі-жанчыны плакалі. Яны яшчэ не былі так замазаныя: не ездзілі на Акрэсціна караць затрыманых. Я раней працавала сакратаркай судовага пасяджэння і многіх з іх ведала як добрых людзей. Разумела, на чыім баку яны былі ў душы. Але пасля яны працягнулі працаваць у гэтай сістэме.
Спачатку некаторыя суддзі яшчэ адмаўляліся прымаць ананімных сведак. Памятаю працэс, у якім матэрыялы спачатку вярнулі менавіта з гэтай прычыны.
На наступным пасяджэнні той самы суддзя ўжо сказаў, што ананімны сведка — гэта нармальна. Я не вытрымала і ў апошнім слове звярнулася да яго: «Высокі суд, вы даяце ім магчымасць схаваць свае імёны, але пастанову падпішаце ўласным прозвішчам». Было відаць, што яму непрыемна. У выніку ён даў чалавеку роўна столькі сутак, колькі той ужо адбыў. Таму ў маёй калекцыі ён застаўся хутчэй сярод «добрых» суддзяў.
Пэўны час суддзі ў раёнах давалі менш сутак, чым у Мінску. Калі чалавека везлі судзіць у вобласць, мы нават радаваліся: там быў шанец на мякчэйшае пакаранне.
Пазней у злітых дакументах з'явіўся ліст, у якім кіраўніцтву Мінскага абласнога суда фактычна ставілі на від, што раённыя суддзі караюць недастаткова строга. Пасля гэтага і гэтая розніца амаль знікла.
«НН»: Як у гэтай сістэме абыходзіліся з самімі адвакатамі?
АШ: Часта табе проста паказвалі, што ты ніхто. Аднаго майго кліента забралі ў ДФР. Я не хацела адпускаць яго аднаго ў кабінет і літаральна ўчапілася ў яго, але ён сам папрасіў не абвастраць. У выніку я пяць гадзін прасядзела пад дзвярыма: тэлефанавала, пісала, складала скаргі, пакуль чалавека не выпусцілі. Юрыдычна ты абаронца, а фактычна — чалавек у калідоры, якога можна не заўважаць.
Была і вельмі красамоўная дробязь у Эканамічным судзе Мінска, дзе я некалі працавала сакратаркай. Ахоўнікі памяталі мяне яшчэ супрацоўніцай суда. У жніўні я зайшла і ўбачыла на відным месцы шлемы, у якіх сілавікі разганялі людзей. Сказала знаёмым ахоўнікам: «Не ганьбіцеся, хаця б схавайце». Калі вярталася, шлемаў ужо не было. Праз месяц яны зноў стаялі наверсе — так, каб я абавязкова пабачыла. Ахоўнікі глядзелі на мяне амаль дэманстратыўна: цяпер нам ужо не сорамна і не страшна.
«Мне было сорамна за іх, а не за сябе»
«НН»: У 2021 годзе вас накіравалі на пазачарговую атэстацыю і прызналі «недастаткова кваліфікаванай». Як гэта выглядала?
АШ: Я разумела, што вынік ужо вызначаны, таму нават не рыхтавалася. На атэстацыі члены камісіі сядзелі з раздрукаванымі законамі і хацелі, каб ты даслоўна паўтараў тое, што яны чытаюць.
Працэдура была непрыемная і сама па сабе зневажальная. Але я не адчувала сябе прыніжанай. Мне здаецца, іх яшчэ больш злавала, што мяне не атрымлівалася зламаць. Я разумела, што і дзеля чаго раблю. Мне было сорамна за іх, а не за сябе.
Фармальнай падставай для атэстацыі сталі дробязі ў дакументах: недзе ў ордары не былі пазначаныя ўсе даты пасяджэнняў, недзе на маім асобніку дамовы не хапала подпісу. Але пыталі мяне не толькі пра права. Камісію цікавіла, ці свядома я падпісвала зварот супраць гвалту. Гэта і было сапраўдным экзаменам, толькі не на веданне закона, а на лаяльнасць.
«НН»: Пасля пазбаўлення ліцэнзіі вы яшчэ больш за паўтара года заставаліся ў Беларусі.
АШ: Я не рвалася з'язджаць.
Атрымала ліцэнзію на юрыдычныя паслугі, спрабавала працаваць. Але апошнія паўтара года ў Мінску кожны дзень былі для мяне катаваннем. Чырвона-зялёныя сцягі на кожным доме, лозунгі «Любимую не отдают», «Вместе мы сила», адзін з датычных да забойства Рамана Бандарэнкі на білбордзе са спартовай камандай — усё гэта душыла.
Я была дома, але адчувала сябе на варожай тэрыторыі, чужой сярод сваіх.
Вырашальным стала затрыманне брата. Спачатку я падумала, што праз яго ідуць па мяне. Пазней высветлілася, што, здаецца, не, але ўся сям'я была ў шоку: усе найперш чакалі, што прыйдуць менавіта да мяне. Стала зразумела, што чакаць больш нельга. У канцы 2022 года мы з'ехалі.
Першыя два-тры гады я амаль не сумавала па Беларусі. Толькі цяпер, калі сціраюцца пачуцці апошніх гадоў і ўспамінаецца ранейшае, з'яўляецца настальгія. Але мне дастаткова адкрыць цяперашнюю Канстытуцыю, каб зразумець: у такую краіну я не хачу вяртацца. Нават калі б мне гарантавалі, што мяне не пасадзяць, пры захаванні сённяшняга рэжыму я б не паехала. Я не магу жыць паводле правілаў, якія цалкам супярэчаць маім прынцыпам, сумленню і маралі.
«Не атрымалася лёгкай кнігі»
«НН»: Калі вы пачыналі збіраць «Адвакацкія гісторыі», шукалі ў тым ліку смешныя і абсурдныя выпадкі. Чаму?
АШ: Яшчэ ў 2020 годзе назірала, як на сустрэчах адвакаты пачыналі адкрывацца і, перабіваючы адно аднаго, расказваць: «А ў мяне было так!» Нават самыя балючыя рэчы яны стараліся падаваць з гумарам.
Калі мы пачыналі кнігу ў 2025 годзе, людзі ўжо настолькі стаміліся ад болю і пакут, што хацелася паказаць іншы бок. Адвакатаў часта ўяўляюць занудлівымі прававедамі. Мне не хацелася ныць, якія мы бедныя і як нам цяжка. Хацелася расказаць гэта цікава — як у папулярных кнігах кшталту «Запісак гінеколага» або «Запісак сантэхніка». Але, як бачым па вокладцы, лёгкай кнігі не атрымалася. Хоць гумар у многіх гісторыях усё ж застаўся.
«НН»: Якая гісторыя ўразіла вас найбольш?
АШ: Цяжка выбраць адну. Самыя гучныя выпадкі ўжо былі вядомыя: напрыклад, пра тое, як праслухоўвалі размовы адвакаткі Наталлі Мацкевіч з Сяргеем Ціханоўскім. Шмат балючых гісторый пра затрыманні саміх адвакатаў, пра тое, як іх не лічылі за людзей і не давалі ўдзельнічаць у працэсе.
Але першай мне згадваецца гісторыя Ірыны Козікавай пра пастара. Яна хутчэй смешная. Магчыма, нам, адвакатам, проста асабліва балюча шукаць іншую працу, таму так кранула думка, што ёсць альтэрнатыва — стаць пастарам.
У кожнай гісторыі свая боль. Пры гэтым найбольш цяжкія часта ў кнігу не трапілі: адвакаты не могуць расказваць пра справы без згоды кліентаў, а часам чалавека можна пазнаць нават без імя. Такіх гісторый тысячы. Чым больш часу мінае пасля 2020 года, тым больш я разумею: гісторыя кожнага беларуса, які заспеў гэты час, вартая асобнай кнігі.
«НН»: Навошта было збіраць гэтыя гісторыі цяпер?
АШ: Я чула дзясяткі, калі не сотні такіх гісторый і хацела іх захаваць. Некаторыя калегі фіксавалі ўсё яшчэ ў 2020‑м і прынеслі практычна гатовыя тэксты. Іншыя казалі: «Гэта было, але цяпер я ўжо не памятаю так, каб добра расказаць».
39 гісторый — нікчэмна мала ў параўнанні з тым, колькі можна было б запісаць. Хацелася таксама паказаць адвакатаў.
Пра нас кажуць і добрае, і дрэннае, часта — што мы бескарысныя. Крыўдна, калі ты ахвяраваў усім, а цябе называюць бескарысным. Але як толькі кагосьці затрымліваюць, мне дагэтуль пішуць: «Лена, калі ласка, знайдзі адваката!» Дык, можа, мы ўсё ж не зусім бескарысныя?
Кліент бачыў наша бяссілле са свайго боку. Мне хацелася паказаць, што ў той момант адбываецца з адвакатам і што ён спрабуе зрабіць, каб прабіць гэтую сцяну.
Ілюстрацыйнае фота
Пра маленькія перамогі
«НН»: У кнізе Таццяна Лішанкова расказвае, як дамаглася, каб беларускамоўнага падабароннага дапытвалі па-беларуску. А якія маленькія перамогі былі ў вас?
АШ: У мяне таксама быў беларускамоўны кліент. Ён гаварыў у судзе па-беларуску, і яго прынамсі не прымушалі пераходзіць на рускую.
А адна іншая гісторыя дагэтуль грэе мне душу. Таго ж Паўла Манько, які праз дамову са мной стаў у вачах суда «вінаватым», выклікалі ў пракуратуру на прафілактычную гутарку. Пастанова яшчэ не набыла законнай сілы, таму фармальнай падставы не было. Мы паехалі разам.
Было ўжо холадна. Каля пракуратуры стаяла шмат выкліканых на адзін час людзей. Іх не пускалі ўнутр і загадвалі збегаць на запраўку па маскі, хаця ў позвах пра маскі нічога не было.
Супрацоўніца выйшла весці Паўла на гутарку. Я запытала: «Можа, не будзем марнаваць час? На якой падставе вы яго выклікалі, калі пастанова не набыла законнай сілы?» Яна адразу пачала прасіць прабачэння. Я сказала: «Цяпер прынясіце кнігу скаргаў».
Праблема была ўжо не толькі ў Паўлу. Будынак пракуратуры ўзведзены за падаткі гэтых людзей. Вы самі выклікалі іх на адзін час і трымаеце на холадзе. Калі раптам увялі патрабаванне пра маскі — забяспечце імі людзей, а не ганяйце па запраўках.
Кнігу скаргаў мне так і не прынеслі. Затое выйшаў, наколькі я зразумела, намеснік пракурора. Ён шмат разоў папрасіў прабачэння, усіх упусцілі ў будынак і выдалі маскі. Праз паўгода такое ўжо цяжка было ўявіць.
Гэта была маленькая, але вельмі прыемная перамога. Мне ўдалося абараніць і канкрэтнага кліента, і годнасць усіх людзей, якія там стаялі. Нагадаць чыноўнікам, для каго і навошта яны працуюць. Бо нам доўга ўбівалі ў галовы, нібыта заробкі сілавікам і пенсіі плаціць асабіста адна вядомая асоба. Варта нагадваць, што гэта не так.
«Да суддзяў у мяне асаблівы рахунак»
«НН»: Памятаю, часта ў размовах людзі задаваліся пытаннем, як могуць спакойна спаць суддзі, якія выносяць несправядлівыя выракі. У гісторыі Максіма Знака суддзя пасля рашэння на карысць дзяржавы фактычна прызнае, што разумее яго несправядлівасць. Іншая суддзя сказала невінаватай жанчыне: «У вас усяго штраф. Вы не ведаеце, якая ў мяне сітуацыя, мне яшчэ цяжэй». Як вы ставіцеся да люстрацыі? І ці можа нешта апраўдаць суддзю, які свядома карае невінаватага?
АШ: Для мяне суддзі — адны з галоўных вінаватых у тым, што адбылося. Менавіта суд павінен стрымліваць беззаконне іншых органаў. Суддзі маюць юрыдычную адукацыю, гэта своеасаблівая эліта прафесіі. І гэтая эліта дазволіла так з сабой абыходзіцца.
Разумею, што зло пачынаецца з маленькіх крокаў. Суддзяў даўно адбіралі, саджалі на кручок, на кожнага мог быць кампрамат у КДБ. У пэўны момант чалавек трапляў у пастку, з якой яму ўжо складана выйсці. Але ён сам у яе заходзіў і сам заставаўся.
Былі суддзі, якія адмаўляліся разглядаць такія справы і нават былі вымушаныя з'ехаць. Значыць, выбар усё ж існаваў.
На жаль, пры дыктатуры, каб застацца сумленным чалавекам, трэба быць героем. Гэта ненармальна, калі гераізм патрабуецца ад кожнага.
Але да суддзяў у мяне асаблівы рахунак. Адваката, які пабаяўся ўзяць палітычную справу або не надта добра правёў абарону, я магу дараваць. Суддзю — не. Суд быў той галіной улады, якая магла і мусіла спыніць беззаконне.
«НН»: У кнізе ёсць гісторыя пра супрацоўніка Акрэсціна, які праявіў чалавечнасць. Вам было важна паказаць, што ў сістэме застаюцца нармальныя людзі?
АШ: Мы не адбіралі гісторыі паводле прынцыпу, што абавязкова хочам паказаць добрых сілавікоў. Кожны адвакат расказваў тое, што хацеў. Але трэба прызнаць: сярод сілавікоў былі і застаюцца годныя людзі. Пра гэта кажуць самі затрыманыя. Напрыклад, следчы мог «намаляваць» чалавеку значна больш, але абмяжоўваўся малым.
Часам нашы гучныя словы ў эміграцыі дапамагаюць менш, чым ціхі ўчынак чалавека, які застаўся ўнутры сістэмы. Звонку гэта можа выглядаць як служэнне рэжыму, але на месцы ён дапамагае канкрэтнаму чалавеку.
«НН»: Пасля 2020 года больш за 140 беларускіх адвакатаў страцілі магчымасць працаваць, дзясяткі зазналі пераслед. Ці існуе сёння ў Беларусі адвакатура як інстытут?
АШ: Пра незалежнасць і свабоду выказвання там гаварыць немагчыма. На заканадаўчым узроўні ўсё жорстка падпарадкавана Міністэрству юстыцыі. Кожны адвакат разумее, што яго ў любы момант могуць выкінуць з прафесіі. Адвакатура знаходзіцца пад асаблівым кантролем, у тым ліку КДБ. Людзі разумеюць, што іх слухаюць.
Кіраўніцтва ўвесь час спрабуе даказаць уладзе: мы з вамі, мы добрыя. Адсюль супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, якое ў нармальнай рэальнасці проста немагчыма ўявіць.
Але ў адвакатаў ёсць своеасаблівая «прашыўка»: мы павінны абараняць людзей. Я ўпэўненая, што большасць калег у Беларусі робіць усё, што яшчэ можа.
Нельга судзіць палітычныя справы адным спосабам, а звычайнае забойства — іншым. Калі суддзя адвучваецца патрабаваць доказы ў палітычным працэсе, ён не будзе патрабаваць іх і ў іншых. Калі міліцыянт умее атрымліваць паказанні толькі катаваннямі, ён не навучыцца раптам працаваць інакш у непалітычнай справе. Так разбураецца ўся сістэма.
З адвакатурай, думаю, будзе прасцей. Калі сітуацыя зменіцца, менавіта адвакаты хутка навучацца працаваць у нармальнай сістэме і будуць гэтаму рады. Адвакат па сваёй ролі заўсёды крыху супрацьстаіць дзяржаве. У таталітарным рэжыме гэта немагчыма, а свабода для адваката — глыток свежага паветра. Адвакатаў, якія самі заслугоўваюць люстрацыі, можна пералічыць на пальцах.
«Помста вядзе да новай помсты»
«НН»: Вяртаючыся да тэмы люстрацыі. Вы ўдзельнічалі ў даследаванні пра тое, як людзі, якія перажылі катаванні, разумеюць справядлівасць. Чаго яны хочуць найперш?
АШ: Яны хочуць, каб вінаватыя адказалі паводле закону. Хаця трэба разумець: калі афіцыйна прыходзяць разумныя дзядзькі і цёткі і пытаюцца, чаго ты хочаш, чалавек стараецца выглядаць прыстойна і адказвае адпаведна.
У асабістых размовах я чула і нешта з катэгорыі «вока за вока». У людзей, якія страцілі вельмі шмат, жаданні могуць быць больш радыкальныя. Але яны і самі разумеюць, што помста — няправільны шлях. У цэлым пацярпелыя хочуць законнага пакарання злачынцаў, а не расправы.
Для мяне гэта вельмі важна. Помста вядзе да новай помсты. Калі мы хочам адстаяць сваё права на права, рабіць гэта трэба прававымі сродкамі — як бы складана ні было.
«НН»: Вы заўсёды казалі, што вам прасцей абараняць, чым абвінавачваць. Маглі б у будучыні абараняць суддзяў, якія апынуцца на лаве падсудных?
АШ: Не маю на гэта маральнага права, бо сама лічу сябе пацярпелым і зацікаўленым бокам. Але яны, як і любы чалавек, абвінавачаны ў злачынстве, вартыя абаронцы.
Суддзёй у такіх працэсах я таксама быць не магу, бо пацярпела ад гэтай сістэмы. У ролі абвінаваўцы сябе ўсё адно не бачу. Калі атрымаецца вярнуцца, магчыма, змагу прымяніць сваю экспертызу ў правах чалавека пры аднаўленні судовай сістэмы.
«НН»: Наталля Мацкевіч на прэзентацыі кнігі спытала: «Калі б яшчэ і мы перасталі бараніць людзей, што было б?» Навошта патрэбны адвакат у сістэме, дзе суд не з'яўляецца судом?
АШ: З моманту, калі мяне выключылі з адвакатуры, я разумела, што мяне могуць затрымаць у любы час. Таму ў мяне заўсёды была дзейная дамова з адвакатам. Як толькі чарговага майго адваката пазбаўлялі ліцэнзіі, я хутка шукала наступнага, у каго яна яшчэ заставалася.
Адвакат — чалавек, які мае законнае паўнамоцтва патрабаваць інфармацыю: дзе ты знаходзішся і ці жывы ты. Гэта патрабаванне не заўсёды задавальняюць, але адвакат прынамсі ведае, у якія дзверы стукаць.
Калі ён да цябе трапляе, гэта адзіны чалавек, які можа пагаварыць з табой і знаходзіцца на тваім баку. Да гэтага побач толькі людзі, якія дакладна не жадаюць табе дабра. Адвакат дае не толькі псіхалагічную падтрымку, але і інфармацыю звонку, тлумачыць, што адбываецца і што будзе далей.
Нават у камеры ты не ведаеш, ці можна давяраць сукамернікам, ці не падсадныя яны. Адвакат, якому давяраеш, да суда застаецца тваім адзіным сябрам. Таму ў крымінальных справах людзі знаходзяць апошнія грошы і нават прадаюць кватэры, каб мець абаронцу. Каштоўнасць чалавека, які стаіць на тваім баку, каласальная.
І ўсё ж нават цяпер адвакатам часам удаецца нешта змяніць у палітычнай справе: не вызваліць чалавека, але дамагчыся іншай кваліфікацыі і менш цяжкага пакарання.
«НН»: Калі б вы маглі задаць адно пытанне суддзям, якія разумелі, што рабілі, але выносілі несправядлівыя выракі, што б спыталі?
АШ: Ёсць суддзі, якім я нічога не пытала б: яны проста нягоднікі. Але я ведаю і іншых — тых, хто разумеў, што робіць, і каму, магчыма, было сорамна.
Я стараюся заставацца чалавекам, якому не сорамна глядзець на сябе ў люстэрка. Таму спытала б: як яны глядзяць на сябе?
І яшчэ: калі апынуцца на смяротным ложы, ці не пашкадуюць? Ці зрабілі б інакш, разумеючы, што нельга забраць з сабой ні льготную кватэру, ні заробак, ні мантыю, ні ўладу? Я не рэлігійны чалавек, але, паміраючы, кожны, напэўна, хоча разумець, што пражыў жыццё годна. Ці не будзе ім тады занадта сорамна за тое, кім яны засталіся ў гісторыі Беларусі?
У 2020 годзе я ўжо крыху стамілася ад адвакатуры і нават думала сысці. Але калі ўсё пачалося, мне здалося, што я намацала нешта большае за працу і магчымасць зарабляць. Свабода Беларусі стала справай, за якую варта змагацца.
Пазней я глядзела спектакль «Кар'ера доктара Раўса». На пачатку там з'яўляюцца даты з XVI стагоддзя. Глядзіш і думаеш: што, па сутнасці, змянілася? Чаму ты вырашыла, што перамены абавязкова адбудуцца пры тваім жыцці?
Але мець мэту большую, чым пракарміць гэты кавалак мяса, пабачыць больш краін, назапасіць грошай або выгадаваць дзяцей, — у гэтым нешта ёсць. Барацьба за свабоду сваёй краіны можа быць такой мэтай. І я не ведаю, як сфармулююць сваю вялікую мэту гэтыя людзі.