БЕЛ Ł РУС

Латвія заявіла, што не будзе гуляць у хакей супраць Беларусі і Расіі. І яна такая не адна

3.11.2026 / 18:01

Nashaniva.com

Латвійская федэрацыя хакея заявіла, што нацыянальныя зборныя краіны не будуць праводзіць матчы супраць каманд Расіі і Беларусі, пакуль працягваецца расійская агрэсія супраць Украіны. У афіцыйнай заяве федэрацыі гаворыцца, што яна прытрымліваецца гэтай пазіцыі з 2022 года і не мае намеру яе змяняць. Заява з'явілася на фоне рашэння Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) аб магчымым вяртанні расійскіх камандаў да міжнародных спаборніцтваў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Petr David Josek

У Латвійскай федэрацыі таксама паведамілі, што апошнімі днямі ўзгаднялі агульную пазіцыю з хакейнымі федэрацыямі Фінляндыі, Нарвегіі і Даніі. Усе чатыры арганізацыі публічна заявілі і афіцыйна паведамілі Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), што адмаўляюцца гуляць супраць расійскіх зборных.

Латвійскі бок падкрэсліў, што галоўным прыярытэтам застаюцца бяспека і дабрабыт спартсменаў, супрацоўнікаў каманд і іх сем'яў. У федэрацыі занепакоеныя магчымымі пагрозамі бяспецы, а таксама фізічнымі і псіхалагічнымі наступствамі такіх матчаў для ўсіх удзельнікаў.

Раней пра адмову гуляць супраць зборнай Расіі заявілі таксама хакейныя федэрацыі Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі і Швецыі.

Напярэдадні Спартыўны арбітражны суд задаволіў апеляцыю Федэрацыі хакея Расіі і абавязаў IIHF дапусціць расійскія зборныя да шэрагу міжнародных спаборніцтваў у 2026—2027 гадах.

Супраць магчымага вяртання расійскай зборнай на міжнародныя спаборніцтвы таксама выступіла чэшская букмекерская кампанія Tipsport, афіцыйны спонсар чэмпіянату свету.

Чэмпіянат свету па хакеі сярод мужчын у 2027 годзе пройдзе ў Германіі з 14 да 30 мая. 

Чытайце таксама:

Зборную Расію вяртаюць да міжнародных хакейных спаборніцтваў

Хакеіст «Нёмана»: мяне ўкусіў клешч — з не вельмі добрымі наступствамі

Пабіты сабака з Віцебска, якога Лукашэнка падарыў Баскаву, дагэтуль жыве ў апошняга

Каментары да артыкула