БЕЛ Ł РУС

Анафілактычны шок малаверагодны. Што кажа клініка пра смерць 30‑гадовай Валерыі, якая памерла падчас выдалення зуба

4.11.2026 / 13:47

Nashaniva.com

Беларусаў узрушыла трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — яна пайшла выдаляць зуб мудрасці пад наркозам і памерла. Цяпер камісія Міністэрства аховы здароўя праводзіць праверку з гэтай нагоды. Што вядома? 

У клініцы «Стамарус», куды звярталася 30‑гадовая Валерыя Баброўнік, паведамілі Onliner, што выпадак правяраюць дзяржаўныя органы і камісія Мінздароўя.

Версію пра анафілактычны шок, якая распаўсюдзілася ў сацсетках, медцэнтр лічыць малаверагоднай.

У «Стамарусе» заявілі, што ў пацыенткі «клінічная карціна анафілактычнага шоку адсутнічала». Пры гэтым канчатковыя высновы пра прычыны смерці яшчэ павінны зрабіць спецыялісты.

Паводле клінікі, цяпер правяраюць якасць дапамогі Валерыі на ўсіх этапах — у самім медцэнтры, падчас працы хуткай і ў бальніцы. Таксама праводзяцца следчыя дзеянні.

«Да заканчэння афіцыйных экспертыз любыя сцвярджэнні ў публічнай прасторы з’яўляюцца заўчаснымі», — адзначылі ў медцэнтры.

Падрабязней каментаваць стан пацыенткі і аказаную ёй дапамогу ў клініцы адмовіліся, спаслаўшыся на медыцынскую таямніцу.

Як высветліў Onliner, пасля пагаршэння стану Валерыі ёй пачалі аказваць рэанімацыйную дапамогу, выклікалі хуткую і шпіталізавалі ў бальніцу.

Пра смерць Валерыі Баброўнік стала вядома ў канцы кастрычніка. Жанчыне было 30 гадоў, яна працавала намесніцай загадчыка па медыцынскай частцы Старобінскай гарадской бальніцы. У Валерыі засталіся муж і сын, які вучыцца ў другім класе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула