БЕЛ Ł РУС

Вам у дзяцінстве паставілі алергію на арахіс? Магчыма, яе ўжо няма

7.11.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Многія людзі, якім у дзяцінстве паставілі дыягназ «алергія на арахіс», могуць і не падазраваць, што цяпер яго ўжо можна зняць. Новае даследаванне паказала: значная частка дзяцей з такім дыягназам пры паўторнай праверцы не мела алергічнай рэакцыі.

Фота: Andrii Khomyshyn / Vecteezy

Калі ў дзіцяці выяўляюць алергію на арахіс, жыццё ўсёй сям'і прыкметна ўскладняецца. Бацькам даводзіцца ўважліва вывучаць склад прадуктаў, папярэджваць настаўнікаў і дамаўляцца з іншымі бацькамі, калі дзіця ідзе ў госці. Бо нават невялікая колькасць арахісу можа выклікаць сур'ёзную алергічную рэакцыю.

Нярэдка такія абмежаванні захоўваюцца гадамі, бо бацькі ўпэўненыя, што алергія нікуды не знікне. Аднак новае даследаванне аўстралійскіх навукоўцаў паказала, што першапачатковы дыягназ можа быць не такім канчатковым, як лічылася.

У нядаўнім даследаванні, на якое звяртае увагу Washington Post, удзельнічалі 778 аўстралійскіх дзяцей ва ўзросце каля 13 месяцаў. Ва ўзросце ад 7 да 10 месяцаў у іх назіралася рэакцыя на арахіс, а скурныя пробы або аналізы крыві паказалі адчувальнасць да гэтага прадукту. На падставе такіх вынікаў дзецям паставілі дыягназ «алергія на арахіс», і бацькі мусілі выключыць яго з рацыёну.

Даследчыкі ж вырашылі высветліць, ці сапраўды ўсе гэтыя дзеці па-ранейшаму маюць алергію. Для гэтага яны правялі харчовыя правакацыйныя пробы — адзін з найбольш надзейных спосабаў праверкі, які дазваляе непасрэдна ацаніць рэакцыю арганізма на прадукт.

Што паказаў эксперымент

Пад наглядам медыкаў дзецям давалі арахісавую пасту, паступова павялічваючы яе колькасць. Пачыналі з 1/64 чайнай лыжкі, а затым кожныя 15 хвілін падвойвалі порцыю. Калі алергічнай рэакцыі не ўзнікала, выпрабаванне працягвалі. Праз паўтары гадзіны дзіця атрымлівала апошнюю порцыю — цэлую чайную лыжку пасты.

Вынікі здзівілі нават саміх даследчыкаў: 271 дзіця, або амаль 35% удзельнікаў, прайшло выпрабаванне без алергічнай рэакцыі.

Навукоўцы чакалі, што некаторыя дзеці змогуць есці арахіс, але не меркавалі, што іх будзе так шмат. У гэтых выпадках ранейшы дыягназ можна было зняць і зноў уключыць арахіс у дзіцячы рацыён. На думку даследчыкаў, гэта важкі аргумент на карысць таго, каб часцей выкарыстоўваць харчовыя пробы для ўдакладнення дыягназу, а не лічыць яго канчатковым пасля першых аналізаў.

Аднак самастойна правяраць, ці знікла алергія, катэгарычна нельга. Падчас эксперыменту прыкладна ў 12% дзяцей, паводле паведамлення пра даследаванне, узнікла анафілаксія — цяжкая алергічная рэакцыя, якая можа пагражаць жыццю. Дзякуючы прысутнасці медыкаў усім своечасова аказалі дапамогу, і ніхто не атрымаў доўгатэрміновых ускладненняў.

Ранейшыя даследаванні паказвалі, што прыкладна 10—20% дзяцей перарастаюць алергію на арахіс да чатырох-пяці гадоў. Аднак новая праца сведчыць, што ўжо ў значна малодшым узросце ў часткі дзяцей ранейшы дыягназ можа не пацвердзіцца.

За апошняе дзесяцігоддзе медыкі ўжо істотна змянілі падыход да алергіі на арахіс. Калі раней бацькам раілі як мага даўжэй не даваць яго маленькім дзецям, то даследаванне 2015 года паказала, што ранняе ўвядзенне арахісу ў рацыён, наадварот, можа знізіць рызыку развіцця алергіі. Цяпер навукоўцы прапануюць больш увагі надаваць і паўторнай праверцы ўжо пастаўленых дыягназаў.

Даследчыкі таксама хочуць высветліць, ці дазволіць шырэйшае выкарыстанне харчовых проб зэканоміць грошы. Сама праверка патрабуе выдаткаў, але калі алергія не пацвердзіцца, дзіцяці больш не спатрэбяцца рэгулярныя агляды ў алерголага і лекі для экстраннай дапамогі. А самае галоўнае — яно зможа пазбавіцца абмежаванняў у харчаванні, якія інакш маглі б суправаджаць яго гадамі.

Чытайце таксама:

Беларус пасадзіў у сябе на лецішчы крамны арахіс за 2 рублі. І без ураджаю не застаўся

У ЗША ўхваленыя першыя ў гісторыі лекі супраць алергіі на арахіс у дзяцей

Стэрыльнае асяроддзе сапраўды выклікае ў дзяцей алергіі. Цяпер навукоўцы высветлілі, што дзяцей ад алергіі абараняе

Каментары да артыкула