БЕЛ Ł РУС

Брат беларускай «Міс сусвет» памёр у Азербайджане — пасля падзення з вышыні ён змагаўся за жыццё амаль пяць месяцаў

5.11.2026 / 16:48

Ганна Стафановіч

На радзіме Дзмітрыя Чычыкава чакалі жонка і двое маленькіх дзяцей — малодшая дачка нарадзілася менш за месяц таму. На жаль, яе Дзмітрый так і не пабачыў.

Фота: katya.chichikova / Instagram. Якасць фота палепшаная з дапамогай ШІ

Дзмітрый Чычыкаў — брат Аляксандры Чычыкавай, пераможцы конкурсу «Міс свету на вазку» ў 2017 годзе.

Мужчына паехаў на заробкі ў Азербайджан як прамысловы альпініст. Сёлета ў верасні яго жонка Кацярына паведаміла ў сацсетках, што яе муж знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы ў Баку. Усё праз тое, што 20 чэрвеня з Дзмітрыем здарыўся няшчасны выпадак: перакулілася аўтавышка — машына з пад’ёмнай стралой і люлькай.

«Ён і яго напарнік упалі з вышыні 18 метраў, напарнік загінуў. Дзіма выжыў і цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане — яму трэба лячэнне і рэабілітацыя, пры тым што ён знаходзіцца ў іншай краіне», — распавяла ў інстаграме Кацярына.

Фота: katya.chichikova / Instagram. Якасць фота палепшаная з дапамогай ШІ

Са слоў жонкі, на той момант стан Дзмітрыя ацэньвалі як стабільна цяжкі. У яго быў пашкоджаны мозг, прайшло тры аперацыі на галаве: «Дактары зрабілі ўсё магчымае, каб стабілізаваць ягоны стан, і цяпер трэба проста чакаць. Дзіма прыходзіць у прытомнасць, рэагуе на сваё імя, але часцей спіць».

Яна папрасіла дапамагчы сям’і грашыма — і шмат хто з беларусаў адгукнуўся.

Сёння Кацярына паведаміла ў сторыс сумную навіну: «Амаль пяць месяцаў барацьбы за жыццё… Сёння мой Дзіма пайшоў назаўжды. Заўсёды буду кахаць…».

Беларусу было 39 гадоў. У Дзмітрыя засталося дзве маленькія дачкі. Старэйшай Васілісе ўсяго два гады. Малодшую Веру бацька не паспеў пабачыць — яна нарадзілася менш за месяц таму.

Чытайце таксама:

Брат беларускай каралевы прыгажосці трапіў у рэанімацыю ў Азербайджане

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска

Паехаў на адпачынак з жонкай і дочкамі, але дадому не вярнуўся. У аварыі ў Грузіі загінуў 38‑гадовы мінчук Сяргей

Каментары да артыкула