У Еўропе сёння не менш за 27 авіярэйсаў атрымалі паведамленні пра мінаванне
У чацвер, 5 лістапада, не менш за 27 авіярэйсаў у розных краінах Еўропы атрымалі фальшывыя паведамленні пра пагрозу выбуху. У выніку некаторыя самалёты былі вымушаныя здзейсніць незапланаваныя пасадкі, а для суправаджэння і перахопу іншых у паветра падымалі знішчальнікі, паведамляе Deutsche Welle.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
У Францыі знішчальнікі паднялі для перахопу самалёта ірландскай авіякампаніі Aer Lingus, які ляцеў з Дубліна ў Рым.
Вайскова-паветраныя сілы Балгарыі паведамілі, што іх знішчальнікі суправаджалі да месца пасадкі тры пасажырскія самалёты. Два рэйсы Ryanair — з Капенгагена і Мадрыда ў Сафію — прызямліліся паводле раскладу. А самалёт, які ляцеў з Лондана ў Сафію, перанакіравалі ў Плоўдзіў.
Улады Іспаніі атрымалі па электроннай пошце тры паведамленні пра мінаванне. Пагрозы тычыліся двух рэйсаў Air Europa з Мадрыда ў Парыж, а таксама чатырох рэйсаў Iberia, якія накіроўваліся ў Іспанію з Рыма і Мілана.
У Варшаве рэйс польскай авіякампаніі LOT у Парыж спынілі непасрэдна перад узлётам. Пасажыраў перасадзілі ў іншы самалёт.
Нягледзячы на паведамленні пра пагрозу выбуху, два рэйсы EasyJet з Вялікабрытаніі, а таксама самалёты з Ірландыі і Грэцыі прызямліліся ў Празе паводле раскладу.
Сярод авіякампаній, якія атрымалі паведамленні пра мінаванне, таксама былі Finnair, Wizz Air, Air Serbia і іншыя перавозчыкі.
Еўракамісар па пытаннях транспарту Апосталас Цыцыкостас заявіў, што пакуль рана сцвярджаць, ці звязаныя паміж сабой гэтыя інцыдэнты. Разам з тым ён падкрэсліў, што любыя пагрозы ў дачыненні да цывільнага насельніцтва з'яўляюцца непрымальнымі.
Паводле яго слоў, Еўракамісія ўважліва сочыць за сітуацыяй і падтрымлівае кантакт з краінамі, якія пацярпелі ад гэтых пагроз, а таксама з Еўрапейскім агенцтвам авіяцыйнай бяспекі. Нацыянальным органам, адказным за ацэнку пагроз і расследаванне інцыдэнтаў, прапанавана шчыльна супрацоўнічаць з аэрапортамі, авіякампаніямі і праваахоўнымі структурамі.
На гэты момант ніводная з краін не абвінаваціла нейкі канкрэтны бок у арганізацыі гэтых пагроз.
Прытым сама праблема з'явілася не сёння, паведамленні пра нібыта замінавыя самалёты авіякампаніі атрымліваюць ужо трэці дзень, хоць раней у меншых маштабах.
Учора ў Польшчы праз паведамленні пра магчымую выбухоўку пасадзілі два пасажырскія самалёты — з Лондана і Капенгагена. Аэрапорт Варшава-Модлін часова спыняў працу.
Напярэдадні, 2 лістапада, праз аналагічную пагрозу самалёт Wizz Air давялося саджаць у Будапешце ў суправаджэнні знішчальніка.
Чытайце таксама:
За адзін дзень сем авіялайнераў у Еўропе атрымалі паведамленні пра бомбу на борце
Другі дзень запар у Еўропе паведамляюць пра бомбы на самалётах. Сёння — на двух рэйсах да Варшавы
Самалёт Wizz Air саджалі ў суправаджэнні знішчальніка праз паведамленне пра бомбу на борце