Падчас эвакуацыі жыхароў Алешак ва Украіну вярнуўся хлопчык, які паспеў пабываць у беларускім прытулку
Юнак з'ехаў ад бацькі і з акупацыі пад Херсонам, каб праз Беларусь трапіць ва Украіну, але ў нашай краіне яго затрымалі па заяве бацькі.
Фота з тэлеграм-канала Дзмітрыя Лубінца
Падчас эвакуацыі жыхароў Алешак ва Украіну вярнуўся хлопчык, які паспеў пабываць у беларускім прытулку. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале ўкраінскі амбудсмэн Дзмітрый Лубінец:
«31 кастрычніка, калі жыхары Алешак перасеклі мяжу і апынуліся на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, адбылася яшчэ адна важная падзея — уз'яднанне сям'і».
Раней да Лубінца звярнулася маці 16‑гадовага падлетка, які жыў з бацькам на часова акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці.
«Паводле яе слоў, мужчына меў прарасійскія погляды, забараняў сыну вучыцца, аказваў на яго псіхалагічны ціск і ўжываў хатні гвалт», — піша амбудсмэн.
Юнак з'ехаў ад бацькі і з акупацыі, каб праз Беларусь трапіць ва Украіну.
«Пры спробе перасекчы мяжу яго затрымалі беларускія сілавікі. Падстава — заява бацькі пра «знікненне сына». Хлопца змясцілі ў дзіцячы прытулак у Беларусі», — напісаў амбудсмэн.
Ад маці патрабавалі прыехаць у Беларусь, і Міністэрства замежных спраў Украіны тэрмінова аформіла ёй пашпарт для выезду за мяжу.
«Праз некалькі дзён хлопец будзе святкаваць сваё 17-годдзе. Побач з мамай, на свабоднай зямлі», — распавёў Лубінец.
Чытайце таксама:
«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі
Эвакуяваная ў Гомель з Алешак жанчына пра ўкраінцаў і беларусаў: мы адзін народ